Ціханоўская: Улады ўсё часцей успрымаюць медработнікаў як рэсурс, які можна выкарыстоўваць без абмежаванняў

21 чэрвеня, Позірк. Беларускія медработнікі — гэта “людзі, якія штодня бяруць на сябе адказнасць за чалавечае жыццё і здароўе”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 21 чэрвеня з нагоды з нагоды прафесійнага свята медыкаў.
“Іх праца патрабуе шмат самаадданасці: цэлыя гады ідуць на атрыманне ведаў і напрацоўку навыкаў, а кожны дзень на працы патрабуе цярпення, прафесіяналізму і мужнасці, — цытуе Ціханоўскую яе прэс-служба. — У дадатак да гэтага быць медыкам у Беларусі цяпер — гэта таксама працаваць ва ўмовах пастаяннага дэфіцыту кадраў, перагрузак і адміністрацыйнага ціску”.
Паводле слоў палітыка, адно з даследаванняў паказала, што 68% урачоў у Беларусі незадаволеныя ўмовамі працы.
“Кожны год у краіне скарачаецца колькасць бальніц, не хапае ўрачоў і неабходных лекаў, а многія спецыялісты вымушаныя пакідаць прафесію або з’язджаць за мяжу”, — падкрэсліла Ціханоўская.
Замест таго каб падтрымліваць медработнікаў, дадала яна, улады “ўсё часцей успрымаюць іх як рэсурс, які можна выкарыстоўваць без абмежаванняў”.
“Беларускія ўрачы рэгулярна працуюць значна больш устаноўленай нормы, сутыкаюцца з неаплатнымі перапрацоўкамі і бюракратычнай нагрузкай. Тым, хто хоча змяніць месца працы ці з’ехаць з краіны, ствараюць дадатковыя перашкоды. А на справядлівыя скаргі аб цяжкіх умовах працы яны чуюць у адказ: “Не трэба плакацца, што вы больш восем гадзін у суткі працуеце. Колькі трэба, столькі і працуем”, — адзначыла палітык.
На яе думку, да людзей, якія “аддаюць усіх сябе выратаванню чужых жыццяў”, нельга ставіцца “з такой абыякавасцю”.
“Быць урачом — значыць працаваць на карысць іншых, кожны дзень знаходзіць у сабе сілы на дапамогу людзям. Рэжыму гэтага не зразумець. Але беларусы гэта разумеюць. Ваша праца — велізарная каштоўнасць, а ваша служэнне людзям заслугоўвае павагі і падтрымкі. Дзякуй вам, дарагія медыкі”, — заявіла дэмлідар.
Аляксандр Лукашэнка, віншуючы медработнікаў 21 чэрвеня, адзначыў, што іх “імкненне дапамагаць людзям годнае павагі”.
“Ратуючы жыцці, захоўваючы і ўмацоўваючы здароўе грамадзян, вы ўносіце неацэнны ўклад у будучыню нашай краіны”, — адзначыў ён.
Паводле сцвярджэння віншавальніка, у Беларусі “створаныя шырокія магчымасці для развіцця медыцыны”: “Будуюцца бальніцы, набываецца сучаснае абсталяванне, паспяхова ўкараняюцца перадавыя тэхналогіі дыягностыкі і лячэння. Але ў аснове вашай дзейнасці заўсёды застаюцца высокі прафесіяналізм, адказнасць і міласэрнасць”.
Лукашэнка выказаў “шчырую падзяку работнікам і ветэранам галіны за самаадданую працу”.
“Упэўнены, — падкрэсліў ён, — людзі ў белых халатах працягнуць з апорай на слаўныя традыцыі айчыннай аховы здароўя аддана служыць справе і сваёй радзіме”.
Хоць улады рэгулярна заяўляюць, што ў краіне няма праблемы з медыцынскімі кадрамі, на сайце Дзяржаўнай службы занятасці на раніцу 21 чэрвеня мелася 2.296 вакансій урачоў-спецыялістаў і 1.850 вакансій медсясцёр.
Спыніць “ныць і плакаць” праз недахоп у Беларусі медработнікаў запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка 3 красавіка ў Мінску на адкрыцці 42-й гарадской паліклінікі.
На яго думку, у Беларусі “людзей хапае”: “Трэба выбудаваць сістэму так, каб тыя людзі, якія маюцца, маглі працаваць і зарабляць, і абслугоўваць насельніцтва. Гэта больш як на 200 працэнтаў тычыцца Міністэрства аховы здароўя. Медыкі як прэзідэнт: колькі трэба, столькі і працуюць”.
У накіраваным у красавіку 2025 года ў ААН дакладзе кааліцыі няўрадавых арганізацый пра выкананне краінай абавязацельстваў па правах чалавека ў рамках чацвёртага цыкла Універсальнага перыядычнага агляду (УПА) гаварылася, што праз рэпрэсіўныя дзеянні ўладаў забеспячэнне медыцынскай дапамогай у Беларусі стала пагаршаецца.
Адзначалася, што ў Беларусі зафіксавана шмат выпадкаў прыпынення дзейнасці прыватных медыцынскіх цэнтраў.
Падтрымка ўладамі ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны яшчэ больш пагоршыла недахоп жыццёва неабходных медыкаментаў і медыцынскага абсталявання, нягледзячы на рост патрэбы ў іх.
Аўтары дакумента канстатавалі, што недахоп медыцынскага персаналу працягвае пагаршацца, чаму садзейнічаюць масавы ад’езд урачоў з краіны праз неспрыяльныя ўмовы працы, недастатковую аплату і палітычныя рэпрэсіі.
11 чэрвеня 2025 года начальніца галоўнага ўпраўлення кадравай працы і прафесійнай адукацыі Мінздароўя Вольга Калюпанава заявіла, што ў ахове здароўя Беларусі “існуе дастаткова добры кадравы рэсурс, самая вялікая задача — гэта рацыянальнае іх выкарыстанне”.
Пасля 2020 года з рэпрэсіямі ў Беларусі сутыкнуліся ў тым ліку медыкі. Многія з іх актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах, выступаючы супраць гвалту і катаванняў над людзьмі. Кіраўніцтва бальніц звальняла нелаяльных медыкаў, хаця сярод іх былі прадстаўнікі ўнікальных для Беларусі спецыялізацый.
Гл. таксама:
Ціханоўская: Заробкі беларускіх медсясцёр сорамна назваць услых
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Грамадства
- Бяспека, Грамадства, ПалітыкаЦерашковіч: "Рускія дамы" ў Беларусі займаюцца легітымізацыяй агрэсіі супраць УкраіныМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка



