Мінск 01:49

Беларускія ўлады, якія не рэагуюць на гібель украінскіх дзяцей, успомнілі пра міжнароднае гуманітарнае права пасля інцыдэнту ў Бранскай вобласці

Аўтобус пасля атакі дрона
Фота: тэлеграм-канал чва губернатара Бранскай вобласці Ягора Кавальчука

18 чэрвеня, Позірк. Беларускія ўлады, якія не рэагуюць на гібель ад расійскіх атак грамадзянскага насельніцтва Украіны, у тым ліку дзяцей, успомнілі пра міжнароднае гуманітарнае права пасля інцыдэнту ў Бранскай вобласці, дзе дрон атакаваў аўтобус з дзецьмі з Рэчыцы (Гомельская вобласць).

З заявамі выступілі Нацыянальны сход (савет Палаты прадстаўнікоў і прэзідыум Савета Рэспублікі) і пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Ларыса Бельская (на 62-й сесіі Савета ААН па правах чалавека). У абодвух выпадках у атацы была абвінавачаная Украіна.

Нацыянальны сход “з крайнім абурэннем рашуча асуджае атаку з ужываннем украінскага беспілотнага лятальнага апарата на аўтобус з беларускімі дзецьмі ў Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі“. “У выніку гэтага варварскага нападу абарвалася жыццё жанчыны, а дзеці атрымалі раненні і калецтвы. Атака на грамадзянскі аўтобус з дзецьмі ўяўляе сабой найгрубейшае парушэнне фундаментальных прынцыпаў міжнароднага гуманітарнага права, у першую чаргу Жэнеўскіх канвенцый, якія надаюць асаблівую абарону дзецям у любой сітуацыі і катэгарычна забараняюць рабіць грамадзянскіх асоб аб’ектам нападу. Навядзенне ўдару па непаўналетніх з’яўляецца злачынствам, якое не маеь ніякіх апраўданняў“, — заяўляе Нацсход.

Аўтары звяртаюцца да “міжнароднай супольнасці і калег з нацыянальных парламентаў” з заклікам “даць недвухсэнсоўную прававую і маральную ацэнку атацы, рашуча асудзіўшы яе“, “асудзіць выкарыстанне смяротнай зброі супраць грамадзянскай інфраструктуры і гуманітарных аб’ектаў, да якіх адносяцца школы, інтэрнаты, дзіцячы аўтатранспарт і іншае“. “Маўчанне ў адказ на спробы забойства дзяцей — гэта прамы шлях да расчалавечвання, які робіць дапушчальнай саму думку аб паўтарэнні падобнага дзе б там ні было”, — гаворыцца ў заяве кіраўніцтва парламента, які публічна праяўляе абыякавасць да нападаў Расіі, што распачала вайну, на грамадзянскія аб’екты Украіны, у тым ліку адукацыйныя, рэлігійныя і культурныя.

Ларыса Бельская заявіла на сесіі СПЧ ААН, што “падчас палаючага побач з Беларуссю ўзброенага канфлікту мы назіраем усё больш наўмысных удараў Узброеных сіл Украіны па грамадзянскім насельніцтве“. “Бачым ва ўдарах, якія цягнуць наўмыснае пазбаўленне жыцця грамадзянскага насельніцтва, у тым ліку дзяцей, прыкметы дзеянняў, што падпадаюць пад вызначэнне адвольных пакаранняў смерцю“, — сказала Бельская, якую цытуе прэс-служба МЗС.

Яна выказала абурэнне “гэтым грубым парушэннем міжнароднага гуманітарнага права”. Бельская заявіла, што “пацярпела больш за 40 дзяцей”.

18 чэрвеня часоваму паверанаму ў справах Украіны ў Беларусі Івану Навіцкаму была ўручаная нота пратэсту “ў сувязі з атакай, учыненай украінскім беспілотным лятальным апаратам“ 17 чэрвеня ў Бранскай вобласці Расіі “на грамадзянскі аўтобус, які перавозіў беларускіх грамадзян, у асноўным дзяцей”.

Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы 18 чэрвеня даклад аб прапановах па карэкціроўцы мерапрыемстваў плана будаўніцтва і развіцця Узброеных сіл на 2026-2030 гады, заявіў, што ў аўтобус з беларускімі дзецьмі 17 чэрвеня ў Бранскай вобласці РФ трапіў менавіта ўкраінскі беспілотнік.

У дзень інцыдэнту Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што ўкраінскі бок не мае дачынення да ўдару па аўтобусе. Абвінавачванні ў гэтым спікер Генштаба Андрэй Кавалёў назваў “чарговай інфармацыйнай правакацыяй Крамля”.

Ваеннае камандаванне заявіла таксама, што ў пазначаны перыяд Сілы абароны Украіны не ўжывалі беспілотныя лятальныя апараты па цэлях на тэрыторыі Бранскай вобласці.

Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Дзмітрый Лубінец 17 чэрвеня “тэрмінова звязаўся” з беларускім бокам і выказаў жаданне далучыцца да празрыстага і бесстаронняга ўстанаўлення ўсіх фактаў і абставінаў гэтага здарэння.

Лукашэнка заявіў 18 чэрвеня, што інцыдэнт будуць расследаваць беларускі і расійскі бакі.

Усім беларускім замежным установам даручана ў прыярытэтным парадку давесці да ведама краін, дзе яны акрэдытаваныя, а таксама да міжнародных арганізацый “вычарпальную інфармацыю“ аб “мэтанакіраваным удары ўкраінскага баявога беспілотніка па грамадзянскім аўтобусе“, заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў.

17 чэрвеня аўтобус з выхаванцамі рэчыцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2 (Гомельская вобласць) трапіў пад удар у Бранскай вобласці РФ. У транспартным сродку, які рухаўся з Рэчыцы ў Геленджык, знаходзілася 44 пасажыры, з іх 28 дзяцей-спартсменаў 2014-2015 гадоў нараджэння.

Першапачаткова паведамлялася, што пацярпела восем чалавек, у тым ліку шэсць дзяцей. Пазней МЗС Беларусі ўдакладніў, што пацярпелых шэсць (пяць — дзеці). Іх шпіталізавалі ў бальніцы Бранскай вобласці (аднаму дзіцяці зробленая аперацыя). 18 чэрвеня пяць дзяцей і аднаго дарослага з расійскіх бальніц перавезлі ў медустановы Мінска. Астатнія вярнуліся ў Рэчыцу напярэдадні вечарам.

Сярод тых, хто суправаджаў дзяцей, была жонка трэнера з рэчыцкай ДЮСШ-2 Вікторыя Гарошка, яна загінула. Жанчына паходзіць з Луганска (акупаваная тэрыторыя Украіны), доўга жыла ў Беларусі.

Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу.

Падзяліцца: