Мінск 22:16

Для хворай на рак кіраўніцы “Вольнага хору” Казіміроўскай сабрана больш за 14 тыс. еўра

Галіна Казіміроўская
Фота: "Рыдыё Свабода"

18 чэрвеня, Позірк. Для хворай на рак кіраўніцы “Вольнага хору” Галіны Казіміроўскай на плафтформе фонду салідарнасці BySol ахвяравана 14.190 еўра — у 1,7 раза больш за запытаную суму (8.500). Збор быў абвешчаны 5 траўня і завершыцца на пачатку ліпеня.

Нягледзячы на цяжкае захворванне, Казіміроўская, якая жыве ў Варшаве з дзецьмі, працягвае культурную дзейнасць. У “Фэйсбуку“ яна апублікавала анонсы двух мерапрыемстваў са сваім удзелам у польскай сталіцы: канцэрт духоўнай музыкі Dona nobis pacem (“Даруй нам мір“) 20 чэрвеня і канцэрт харавой музыкі “Свабода. Роўнасць. Чалавечнасць” 27 чэрвеня.

“Кажуць, што музыка лечыць … Я іду! І вы прыходзьце”, — напісала Казіміроўская.

Ход лячэння і свой стан яна не хавае: “Ну што, белая хімія за плячыма, пачынаем чырвоную. Страшна… У люстэрку я сябе ўжо не пазнаю, ды ўвогуле сябе не пазнаю… Дурацкая гэта штука, рак, доўгая, страшная, сто разоў дурацкая, дастала мяне ўжо… Дагэтуль не веру, што гэта адбываецца са мной…“

У 2020 годзе, як адзначаецца на сайце BySol, “Вольны хор“ ператварыў музыку ў “значны інструмент мірнага пратэсту“. Пад скляпеннямі гандлёвых цэнтраў і на прыступках філармоній сотні галасоў спявалі пра свабоду, пакуль рэжым не прызнаў калектыў “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Казіміроўская з сям’ёй, як і многія ўдзельнікі хору, была вымушаная эміграваць.

У Варшаве яна адкрыла школу мастацтваў, каб “выратаваць калег ад некваліфікаванай працы мігрантаў“, а дзяцей і дарослых “аб’яднала ў іх любові да мастацтва і беларускай культуры”. Сам “Вольны хор” працягвае сваю місію, “даносячы голас беларусаў у розныя куткі Еўропы”.

“Нягледзячы на каласальную занятасць, гэтая дзейнасць амаль не прыносіла галіне даходу. Адзінай крыніцай сродкаў да існавання былі прыватныя ўрокі вакалу. Але на пачатку гэтага года ўсё змянілася. Дыягназ “анкалогія” стаў для Галіны тым выпрабаваннем, якое патрабуе нашай дапамогі і падтрымкі. Прайшоўшы праз шок і адмаўленне, яна прыняла выклік і змагаецца з хваробай з усіх сіл. Цяпер яна праходзіць курс хіміятэрапіі, наперадзе-аперацыя і новыя курсы хімія- і радыётэрапіі“, — адзначалася ў паведамленні фонду.

Падзяліцца: