МЗС запатрабавала ад Украіны тлумачэнняў пасля інцыдэнту з беларускімі дзецьмі ў РФ і прыгразіла “адпаведнымі дзеяннямі”

18 чэрвеня, Позірк. Часоваму паверанаму ў справах Украіны ў Беларусі Івану Навіцкаму ўручана нота пратэсту “ў сувязі з атакай, здзейсненай украінскім беспілотным лятучым апаратам” 17 чэрвеня ў Бранскай вобласці Расіі “на грамадзянскі аўтобус, які перавозіў беларускіх грамадзян, у асноўным дзяцей”, заявіў 18 чэрвеня прэс-сакратар МЗС Руслан Варанкоў.
Паводле яго слоў, “да ведама ўкраінскага боку даведзена, што ў выніку гэтага жахлівага злачынства загінула грамадзянка Беларусі, яшчэ шэсць грамадзян, у тым ліку пяцёра дзяцей, атрымалі раненні, некаторыя <…> носяць цяжкі характар”.
Варанкоў заявіў, што Беларусь “рашуча асуджае гэты бесчалавечны тэрарыстычны акт, якому няма і не можа быць апраўдання”.
Было таксама заяўлена, што Мінск запатрабаваў ад Кіева “вычарпальных тлумачэнняў здарэння, правядзення неадкладнага і аб’ектыўнага расследавання, а таксама перадачы інфармацыі пра прыцягненне ўсіх вінаватых асоб да строгай адказнасці”.
“Беларусь працягне ажыццяўляць усе неабходныя захады для абароны жыцця і бяспекі сваіх грамадзян і пакідае за сабой права распачаць адпаведныя дзеянні ў дачыненні да ўкраінскага боку”, — адзначыў Варанкоў.
Раней пра тое, што ў аўтобус з беларускімі дзецьмі 17 чэрвеня ў Бранскай вобласці РФ трапіў менавіта ўкраінскі беспілотнік, заявіў Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы 18 чэрвеня даклад аб прапановах па карэктаванні мерапрыемстваў плана будаўніцтва і развіцця Узброеных сіл на 2026–2030 гады.
“Мы не спяшаемся рабіць нейкія высновы, але мы дакладна канстатуем факт, што гэта беспілотнік украінскага паходжання. Гэта ўкраінскі беспілотнік”, — працытавала спікера яго прэс-служба.
Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ўкраінцы адмаўляюць дачыненне да таго, што адбылося, прывёўшы ўласную інтэрпрэтацыю іх пазіцыі: “Гэта значыць, гэта не мы (украінскі бок. — “Позірк”.), гэта нехта купіў [украінскі дрон], а можа, нейкая правакацыя, аж да таго, што гэта ледзь не расіяне нанеслі падобны ўдар”.
“Але некаторыя рэчы ўжо сёння вядомыя. Яны кажуць, што ў гэты час не наносіліся ўдары па Бранскай вобласці, — сказаў ён. — Але той жа кіроўца аўтобуса кажа, што ён асабіста (напэўна, як і іншыя, следства пакажа) бачыў не адзін дрон, а некалькі, якія, як ён кажа, гулі і ляталі над аўтобусам. <…> Адзін з гэтых дронаў, дзякуй богу, не магутны, ударыў у аўтобус. У выніку загінуў чалавек і пацярпелі нашыя дзеці”.
Паводле слоў Лукашэнкі, калі Беларусь “нехта правакуе і спрабуе ўцягнуць у вайну”, то гэта “дрэнна абярнецца для тых, хто спрабуе гэта зрабіць”.
“Мы паводзімся спакойна. Некаму не падабаецца, што Беларусь спакойная дзяржава, таму гэта ўсё адбываецца. Мы чуем заявы, апраўданні, версіі розныя. Але нам патрэбная ісціна”, — заявіў спікер, падкрэсліўшы, што чакае “ісціны або рэальнага, справядлівага, сумленнага адказу ад украінскіх дзяржаўных службоўцаў”.
Лукашэнка настойвае на тым, што гэты выпадак мае быць расследаваны. “Разам з расіянамі. Яны гатовыя нам дапамагаць”, — адзначыў ён, не ўдакладніўшы, ці жадае, каб да расследавання былі прыцягнутыя ўкраінскія адмыслоўцы.
“Мы ўсё адно высветлім гэтую праўду, гэта не будзе вялікай праблемай”, — сказаў палітык.
17 чэрвеня аўтобус з выхаванцамі рэчыцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2 (Гомельская вобласць) трапіў пад удар у Бранскай вобласці РФ. У транспартным сродку, які рухаўся з Рэчыцы ў Геленджык, знаходзіліся 44 пасажыры, з іх 28 дзяцей-спартсменаў 2014–2015 гадоў нараджэння.
Спачатку заяўлялася, што пацярпела восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей. Пацярпелых шпіталізавалі ў бальніцы Бранскай вобласці (аднаму дзіцяці зроблена аперацыя). Ранкам 18 чэрвеня пецярых дзяцей і аднаго дарослага з расійскіх бальніц павезлі ў медустановы Мінска. Астатнія вярнуліся ў Рэчыцу напярэдадні ўвечары.
Сярод тых, хто суправаджаў дзяцей, была жонка трэнера з Рэчыцкай ДЮСШ-2 Вікторыя Гарошка, яна загінула. Жанчына родам з Луганска (акупаваная тэрыторыя Украіны), доўга жыла ў Беларусі.
Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу.

- Грамадства
- ЭканомікаЗа пяць месяцаў 2026 года з дзяржпадтрымкай пабудавана амаль на 40% менш жылля для маючых патрэбу, чым годам ранейМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЦіханоўская абмеркавала з кіраўніком Еўрапейскага эканамічнага і сацыяльнага камітэта новыя механізмы супрацыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства

