Мінск 22:29

Снапкоў заявіў пра “пераасэнсаванне самой архітэктуры” супрацоўніцтва з Кітаем

Фота: прэс-служба ўрада

7 чэрвеня, Позірк. Кітайская Народная Рэспубліка ўваходзіць у лік ключавых гандлёвых і інвестыцыйных партнёраў Беларусі, заявіў першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў 7 чэрвеня на адкрыцці форуму “Экспарт беларускіх тавараў у Кітай”, які праходзіць у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры ў рамках выставы “Белагра-2026”.

“Беларусь і Кітай за апошнія гады прайшлі шлях ад традыцыйнага гандлю да шматмернага эканамічнага партнёрства. За дзесяцігоддзе тавараабарот вырас у тры разы, экспарт — у два разы”, — цытуе чыноўніка прэс-служба ўрада.

Каля двухсот беларускіх прадпрыемстваў, паводле слоў Снапкова, “акрэдытаваныя для паставак прадуктаў харчавання на рынак КНР, а агульная колькасць таварных пазіцый, якія экспартуюцца на кітайскі рынак, дасягнула некалькіх сотняў”.

Першы віцэ-прэм’ер адзначыў, што форум, які праходзіць у Мінску, “задае амбіцыйныя арыенціры для паглыблення двухбаковага супрацоўніцтва”.

“Беларусь — гэта адкрытая эканоміка: 60% ВУП фарміруецца за кошт экспарту. Мы гандлюем больш чым з 150 краінамі свету, штогод пашыраем наменклатуру тавараў, якія пастаўляюцца. Кітайскі вектар у гэтай стратэгіі — адзін з ключавых”, — сказаў Снапкоў.

Паводле яго сцвярджэння, “экспартная карціна” Беларусі “спалучае і традыцыйныя, і новыя напрамкі”.

“Па-першае, Беларусь — адзін з сусветных лідараў па вытворчасці калійных угнаенняў, традыцыйна ў топ-3. Гэта стратэгічны рэсурс для забеспячэння харчовай бяспекі. Мы зацікаўленыя ў доўгатэрміновых кантрактах з кітайскімі спажыўцамі, у сумесных лагістычных і інфраструктурных праектах у гэтай сферы”, — падкрэсліў чыноўнік.

“Па-другое, — дадаў ён, — машынабудаванне. Нашы брэнды добра вядомыя далёка за межамі краіны. Мы бачым вялікі патэнцыял у стварэнні зборачных і сэрвісных цэнтраў на базе кітайскіх партнёраў, адаптацыі тэхнікі пад патрэбы рэгіёнаў Кітая і сумесна з кітайскімі партнёрамі для трэціх краін”.

Трэцім важным напрамкам ён назваў дрэваапрацоўчую прамысловасць і “прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю: піламатэрыялы, пліты, упакоўка, кардон, гатовыя вырабы”.

“Ужо дзеючыя беларуска-кітайскія праекты ў цэлюлозна-папяровай галіне паказваюць, што сінэргія беларускай сыравіннай базы і кітайскіх тэхналогій дае канкурэнтаздольны экспартны прадукт”, — заявіў Снапкоў.

Траціну беларускага экспарту, паводле яго слоў, складаюць прадукты харчавання: “Наша ключавая канкурэнтная перавага — высокія стандарты якасці і біябяспекі, якія высока цэняцца кітайскімі партнёрамі. Мы бачым перспектыву прыцягнення кітайскіх інвестыцый у аграпрамысловы комплекс, у сумесных праектах па нарошчванні вытворчага патэнцыялу і глыбокай перапрацоўкі з кітайскімі партнёрамі”.

“Гаворка ідзе не толькі аб нарошчванні аб’ёмаў двухбаковага гандлю, але і пераасэнсаванні самой архітэктуры нашага супрацоўніцтва”, — падкрэсліў чыноўнік.

“У Беларусі і Кітаі ўжо выбудавалі фармат усёабдымнага стратэгічнага партнёрства, і стаіць задача напоўніць яго новым доўгачасовым зместам прамысловай кааперацыі”, — рэзюмаваў першы намеснік кіраўніка ўрада.

27 студзеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дырэктыва аб развіцці стасункаў з Кітаем на 2021–2025 гады не выкананая. Палітык падкрэсліў, што трэба нарасціць долю Кітая ў сукупным экспарце Беларусі — “у ідэале да двухзначных лікаў” — і гэтыя задачы адлюстраваць у “дырэктыве на чарговую пяцігодку”.

Кітай — буйны інвестар у Беларусі, аднак праекты рэалізуюцца з прывязанымі крэдытамі, пры якіх вялікая доля сродкаў вяртаецца назад у Кітай праз закупкі кітайскай тэхнікі і паслуг.

У 2025 годзе знешнегандлёвы абарот рэзідэнтаў індустрыяльнага парку “Вялікі камень” склаў 964,9 млн долараў — на 36,4% больш, чым за аналагічны перыяд 2024-га (707,5 млн), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Гл. таксама:

Снапкоў прадставіў Беларусь перспектыўнай для інвестыцый краінай паміж ЕС і ЕАЭС, не згадаўшы пра санкцыі

Віцэ-старшыня КНР заявіў пра стратэгічны характар партнёрства з Беларуссю

Лукашэнка падпісаў чарговую дырэктыву аб супрацоўніцтве з Кітаем

Падзяліцца: