Мінск 22:13

У сельмагах Гомельскай вобласці КДК выявіў пратэрмінаваныя прадукты

5 чэрвеня, Позірк. Аб выяўленні парушэнняў у 14 сельскіх крамах чатырох раёнаў Гомельскай вобласці паведаміла прэс-служба рэгіянальнага ўпраўлення Камітэта дзяржкантролю.

Кантралёры праверылі гандлёвыя аб’екты ў Гомельскім, Жлобінскім, Калінкавіцкім і Чачэрскім раёнах.

Сярод асноўных парушэнняў названыя “рэалізацыя тавараў са скончаным тэрмінам прыдатнасці, адсутнасць абавязковых да продажу прадуктаў харчавання і тавараў, адсутнасць неабходнай для пакупніка інфармацыі”.

У дзвюх крамах Жлобінскага і Гомельскага раёнаў у продажы “знаходзілася 13 кг прадукцыі са скончаным тэрмінам прыдатнасці“. На асобныя тавары тэрмін прыдатнасці скончыўся больш за месяц таму.

У сямі гандлёвых кропках “адсутнічалі абавязковыя да продажу гародніна, яблыкі, мяса птушкі, сшыткі школьныя, асадкі, зубная паста“.

У шэрагу крамаў “выяўленыя парушэнні ўмоў захоўвання харчовай прадукцыі (як тэмпературнага рэжыму, так і правілаў захоўвання), адсутнічалі цэннікі“.

Пратэрмінаваная і недабраякасная прадукцыя канфіскаваная, у дачыненні да вінаватых распачаты адміністрацыйны працэс.

1 чэрвеня Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) паведаміла, што падчас праверкі 190 суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці выявіла “шматлікія парушэнні заканадаўства аб гандлі і абароне правоў спажыўцоў“. Прэтэнзіі паўсталі ў больш чым 80% выпадкаў.

4 красавіка паведамлялася, што ва ўсіх правераных крамах рознічнай сеткі “7 пятніц“ (належыць ТАА “Юністар груп“) выяўленыя парушэнні заканадаўства аб гандлі і абароне правоў спажыўцоў.

10 сакавіка МАРГ паведаміў, што парушэнні правілаў гандлю ўстаноўленыя амаль у кожнай трэцяй праверанай краме сеткі “Табакерка“, якая належыць СЗАТ “Энэрга-Оіл“.

28 лютага МАРГ інфармаваў аб парушэннях правілаў гандлю, устаноўленых ва ўсіх правераных крамах сеткі “Хіт!”, якая належыць ТАА “Еўрагандаль”.

20 лютага ведамства паведаміла пра парушэнні ў 96% гандлёвых аб’ектаў рознічнай сеткі “Капеечка“.

Раней МАРГ выставіў маштабныя прэтэнзіі да інтэрнэт-пляцоўкі “Вайлдбэрыз“ і гандлёвай сеткі “Суседзі“.

Падзяліцца: