Мінск 21:25

Накіраваная ў суд справа аб здзейсненым 11 гадоў таму жорсткім забойстве ў Мінску

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

2 чэрвеня, Позірк. Накіраваная ў суд крымінальная справа двух замежных грамадзян, якія абвінавачваюцца ў забойстве, здзейсненым групай асоб з асаблівай жорсткасцю (п. 6 і 15 ч. 2 арт. 139 КК), паведаміла 2 чэрвеня прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Паводле інфармацыі ведамства, адзін з абвінавачаных у 2015 годзе пражываў у арандаванай кватэры ў Мінску разам са сваім суайчыннікам, з якім у яго “склаліся дрэнныя стасункі праз міжасобасныя канфлікты”.

“Вырашыўшы забіць мужчыну, ён звярнуўся па дапамогу да сваіх знаёмых, якія паабяцалі яму садзейнічанне ў тым, каб схаваць труп і сляды злачынства, а таксама выехаць за мяжу”, — гаворыцца ў паведамленні.

Заяўлена, што мужчына, “дзейнічаючы з непрыязнасці і паводле раней распрацаванага плану”, у ноч на 17 лютага 2015 года некалькі разоў ударыў суседа па кватэры сякерай і нажом — па галаве і шыі. Пасля ён, як сцвярджаецца “ўпусціў у кватэру памочнікаў, якія чакалі ў пад’ездзе, і прапанаваў ім дабіць яшчэ жывога пацярпелага”.

“Іншы абвінавачаны нанёс мужчыну, які ляжаў на падлозе, не менш як два ўдары нажом у вобласць грудной клеткі”, — адзначыла Генпракуратура.

Пасля таго, як ахвяра памерла ад атрыманых траўмаў, паведаміў наглядны орган, “абвінавачаныя вымылі кватэру і сякеру”, “сабралі рэчы і прадметы, якія, на іх думку, маглі паказваць на забойства”, пасля “ўпакавалі труп у покрыва і пакет, вынеслі яго з кватэры і змясцілі ў багажнік аўтамабіля”.

“Машыну адагналі на грамадскую паркоўку і пакінулі яе там, — гаворыцца ў паведамленні. — Прылады забойства ды іншыя сабраныя ў кватэры рэчы і прадметы выкінулі на ўчастку мясцовасці непадалёк ад транспартнага сродку з трупам у багажніку”.

“У гэтую ж ноч яны выехалі за межы Беларусі і доўгі час хаваліся ад следства за мяжой. Дзякуючы мерапрыемствам па іх вышуку, якія не спыняліся, абодва былі знойдзеныя і затрыманыя”, — падкрэсліла Генпракуратура.

Грамадзянства абвінавачаных, а таксама краіну ці краіны, дзе яны былі затрыманыя, ведамства не ўдакладніла. Не называецца таксама імя ахвяры.

Разам з тым, паводле матэрыялаў СМІ, 18 лютага 2015 года ў аўтамабілі “Мэрсэдэс” у цэнтры Мінска быў знойдзены труп з перарэзаным горлам (паводле іншых звестак — са шматлікімі нажавымі раненнямі). Згодна з інфармацыяй Следчага камітэта, забітым быў кыргызскі крымінальны аўтарытэт Алмамбет Анапіяеў.

Следчыя органы і прэса Кыргызстана звязвалі гэтае імя з Жаныбекам Бакіевым, братам экс-прэзідэнта цэнтральнаазіяцкай рэспублікі Курманбека Бакіева, які асеў у Беларусі.

Разглядалася версія сувязі злачынства з крымінальнымі разборкамі і дзейнасцю арганізаваных злачынных груп.

Ці той гэта выпадак, пра які зараз кажа Генпракуратура, пакуль не зразумела.

Даведка “Позірку”. За злачынства паводле п. 6 і 15 ч. 2 арт. 139 КК прадугледжанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў, пажыццёвага зняволення або смяротнага пакарання.

Падзяліцца: