Сілавікі пагражаюць крымінальным пераследам сваякам студэнтаў ЕГУ — праваабаронцы

2 чэрвеня, Позірк. Супрацоўнікі сілавых ведамстваў пагражаюць крымінальным пераследам сваякам студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ), паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.
“Пра гэта наўпрост кажуць сілавікі: калі іх дзеці не адлічацца з ЕГУ, то па крымінальнай справе будуць затрыманыя сваякі студэнтаў”, — адзначаюць праваабаронцы.
Паводле іх звестак, 2 чэрвеня “па ўсёй краіне праходзяць ператрусы і допыты ў людзей, якія неяк датычныя да ўніверсітэта”.
Каля 100 студэнтаў пакінулі ЕГУ пасля прызнання яго “экстрэмісцкай арганізацыяй“, паведаміў 28 траўня рэктар ЕГУ Вілюс Шадаўскас. Ён не выключыў, што гэтая лічба неканчатковая і можа павялічвацца.
Таксама супрацоўніцтва з ЕГУ спынілі два лектары і частка ІТ-спецыялістаў, якія працавалі ў фармаце частковай занятасці.
Паводле слоў Шадаўскаса, адток пачаўся яшчэ пасля таго, як у жніўні 2025 года “экстрэмісцкімі матэрыяламі” былі прызнаныя старонкі ВНУ ў сацсетках.
14 красавіка 2026 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў ЕГУ і структурныя падраздзяленні “экстрэмісцкай арганізацыяй“, чыя дзейнасць на тэрыторыі краіны забароненая. Пра рашэнне абвясціў Дзмітрый Брылёў — начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры, якая звярнулася ў суд з адпаведнай заявай на падставе закона “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму“.
На наступны дзень міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс назваў гэтае рашэнне абуральным, ахарактарызаваў яго як “чарговы варожы акт рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі супраць Літвы і ЕС“ і выказаў гатоўнасць “падтрымаць супольнасць ЕГУ“.
16 красавіка МЗС Літвы выказаў Беларусі “рашучы пратэст “у сувязі з прызнаннем ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй”. Знешнепалітычнае ведамства расцаніла гэтае рашэнне як “палітычна матываванае, неабгрунтаванае і такім, якое парушае прынцыпы міжнароднага права, а таксама суверэнітэт Літоўскай Рэспублікі”. Выпадак, калі вышэйшая навучальная ўстанова, якая законна працуе ў іншай дзяржаве, абвяшчаецца “экстрэмісцкай арганізацыяй”, МЗС назваў беспрэцэдэнтным.
Як паведамлялася раней, студэнты з Беларусі складаюць большасць у ЕГУ — каля 74% усіх студэнтаў універсітэта.
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаАдмоўнае сальда Беларусі ў гандлі таварамі з краінамі па-за СНД перавысіла 2,6 млрд долараў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка



