Мінск 21:28

Мінчуку пагражае да 7 гадоў зняволення за напад на нарад міліцыі ў Ваўкавыскім раёне

Відэа: УУС Гродзенскага аблвыканкама Стоп-кадр: “Позірк”

2 чэрвеня, Позірк. Аб затрыманні ў Ваўкавыскім раёне жыхара Мінска, які напаў на нарад міліцыі, паведаміла УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Паводле слоў намесніка начальніка рэгіянальнага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС Сяргея Полудзеня, 30 траўня пасля закрыцця фестывалю “PROжарка”, які праходзіў у гэтым раёне, патрульныя “заўважылі агрэсіўнага хлопца, які абражаў праваахоўнікаў”.

“На заўвагі ён не рэагаваў, — адзначыў Полудзень. — Замест гэтага 24-гадовы мінчук напаў на супрацоўнікаў: аднаго схапіў за форму, а другога ўдарыў у твар. Выразна растлумачыць свой учынак затрыманы так і не змог. Хлопец быў занадта п’яны. Дзеянням фігуранта дадзеная прававая ацэнка. За гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў яму пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі”.

Раней паведамлялася, што Мінскі абласны суд разгледзіць справу 47-гадовага жыхара Беразіно (Мінская вобласць), якога абвінавачваюць у раненні супрацоўніка міліцыі.

Паводле звестак следства, 22 лістапада мінулага года мужчына, “спрабуючы пазбегнуць адміністрацыйнай адказнасці, нанёс супрацоўніку міліцыі два ўдары кухонным нажом”.

Падзяліцца: