Пераслед людзей за сувязі з ЕГУ сведчыць пра страх уладаў перад адукаванымі грамадзянамі — дарадца Ціханоўскай

2 чэрвеня, Позірк. Крымінальнае права не можа быць выкарыстана як інструмент барацьбы з універсітэтамі і акадэмічнай свабодай, заявіў юрыдычны дарадца Святланы Ціханоўскай Леанід Марозаў, каментуючы пераслед людзей, якія маюць дачыненне да працы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ).
“Тое, што ўлады пачалі крымінальны пераслед людзей за іх сувязі з ЕГУ — чарговае пацверджанне таго, што рэпрэсіі ў Беларусі ўжо даўно накіраваныя не толькі супраць палітычных апанентаў, але і супраць адукацыі, акадэмічнай свабоды і права чалавека на атрыманне ведаў”, — цытуе Марозава прэс-служба Ціханоўскай.
“Гэта сведчыць не пра сілу дзяржавы, а пра яе страх перад свабоднымі, адукаванымі і незалежнымі грамадзянамі”, — адзначыў дарадца дэмлідара.
“Асаблівае абурэнне”, паводле яго слоў, выклікаюць паведамленні аб ціску на сваякоў студэнтаў і пагрозах крымінальнага пераследу членаў іх сем’яў. Такія метады “з’яўляюцца формай калектыўнага пакарання і несумяшчальныя з прынцыпамі права і міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі”, дадаў ён.
ЕГУ быў створаны як “прастора вольнай адукацыі для беларусаў”, спробы крыміналізаваць сувязь з універсітэтам — гэта “атака на будучыню Беларусі і яе маладое пакаленне”, падкрэсліў Марозаў.
“Мы заклікаем міжнародных партнёраў, праваабарончыя арганізацыі, еўрапейскія ўніверсітэты і дэмакратычныя інстытуты не пакідаць сітуацыю без увагі, публічна адрэагаваць на новы віток рэпрэсій і падтрымаць студэнтаў і выкладчыкаў”, — заявіў дарадца.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” 2 чэрвеня паведаміў, што супрацоўнікі сілавых ведамстваў пагражаюць крымінальным пераследам сваякам студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Паводле іх звестак, 2 чэрвеня “па ўсёй краіне праходзяць ператрусы і допыты ў людзей, якія неяк датычныя да ўніверсітэта”.
Таксама праваабаронцы паведамілі пра ўзбуджэнне крымінальнай справы за супрацоўніцтва з ЕГУ, у рамках якой і пачаліся ператрусы і допыты. Паведамляецца, што да дзейных студэнтаў прыходзяць з пагрозамі крымінальнага пераследу ў выпадку адмовы адлічыцца з універсітэта. Праваабаронцам вядома пра мінімум 12 выпадкаў такога ціску.
14 красавіка 2026 года Вярхоўны суд Беларусі прызнаў ЕГУ і структурныя падраздзяленні “экстрэмісцкай арганізацыяй“, чыя дзейнасць на тэрыторыі краіны забароненая. Пра рашэнне абвясціў Дзмітрый Брылёў — начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры, якая звярнулася ў суд з адпаведнай заявай на падставе закона “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму“.
На наступны дзень міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс назваў гэтае рашэнне абуральным, ахарактарызаваў яго як “чарговы варожы акт рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі супраць Літвы і ЕС“ і выказаў гатоўнасць “падтрымаць супольнасць ЕГУ“.
16 красавіка МЗС Літвы выказаў Беларусі “рашучы пратэст “у сувязі з прызнаннем ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй”. Знешнепалітычнае ведамства расцаніла гэтае рашэнне як “палітычна матываванае, неабгрунтаванае і такім, якое парушае прынцыпы міжнароднага права, а таксама суверэнітэт Літоўскай Рэспублікі”. Выпадак, калі вышэйшая навучальная ўстанова, якая законна працуе ў іншай дзяржаве, абвяшчаецца “экстрэмісцкай арганізацыяй”, МЗС назваў беспрэцэдэнтным.
Пасля прызнання ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй” яго пакінула каля 100 студэнтаў.
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаАдмоўнае сальда Беларусі ў гандлі таварамі з краінамі па-за СНД перавысіла 2,6 млрд долараў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка



