Мінск 21:29

Затрыманы ў пачатку траўня на мяжы Арменіі на запыт Мінска беларускі палітуцякач вярнуўся ў Грузію

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 2 чэрвеня 2026 года ў 21:16

2 чэрвеня, Позірк. Беларускі палітуцякач, затрыманы 3 траўня на мяжы Арменіі на запыт Мінска, 1 чэрвеня вярнуўся ў Грузію, дзе пражывае пасля вымушанай эміграцыі.

Актывіст (рэдакцыя не раскрывае яго імя з меркаванняў бяспекі) паведаміў Позірку, што атрымаў ад армянскіх уладаў неабходны дазвол на выезд. У Грузію ён заехаў бесперашкодна.

Пасля затрымання беларуса да развязання праблемы падключыліся армянскія праваабаронцы і Офіс Святланы Ціханоўскай. Як паведаміў 4 траўня Позірку дарадца дэмакратычнага лідара ў прававых пытаннях Леанід Марозаў, ён звязваўся са Службай нацыянальнай бяспекі Арменіі і Памежнымі войскамі — структурным падраздзяленнем службы.

Беларускі грамадзянін быў вызвалены прыкладна праз 12 гадзін пасля затрымання. Ён заставаўся ў Арменіі, пакуль мясцовыя структуры рыхтавалі дакументы на выезд. Супала так, што актывіст быў затрыманы за дзень да візіту ў Ерэван Ціханоўскай на саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці.

Пасля вызвалення палітуцякач паведаміў Позірку, што ў Беларусі на яго заведзеная крымінальная справа. Прадстаўнікі сілавых структур прыходзілі да маці, каб высветліць яго месцазнаходжанне, сцвярджаючы, што сын здзейсніў крадзеж.

У Беларусі і Арменіі адзіная база міждзяржаўная база вышуку ў рамках СНД, таму апаненты беларускіх уладаў, якія ўязджаюць на армянскую тэрыторыю (напрыклад, з Грузіі, каб зрабіць “візаран“ — абнуліць тэрмін бесперапыннага знаходжання, які не можа перавышаць аднаго года), знаходзяцца ў зоне рызыкі.

“Асабіста я магу ўзгадаць 5-7 выпадкаў затрымання ў Арменіі актывістаў, якія знаходзяцца ў агульнай базе вышуку. Напрыклад, Дыяны Майсеенкі ў верасні 2024 года“, — адзначаў Леанід Марозаў у каментары “Позірку“.

Пасля затрымання Майсеенкі офіс Ціханоўскай атрымаў ад Ерэвана запэўніванні, што Арменія “не будзе выдаваць рэжыму Лукашэнкі грамадзян Беларусі, якія пераследуюцца з палітычных прычын”.

Праз месяц тагачасны генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед, актыўны ўдзельнік пераследу іншадумцаў, на сустрэчы з армянскай калегам падняў пытанне выдачы ў Беларусь суграмадзян, абвінавачаных і асуджаных па крымінальных справах. Пазіцыя Ерэвана пасля гэтай сустрэчы не змянілася.

У лютым 2026 года спікер армянскага парламента Ален Сіманян заявіў, што ніводзін чалавек з палітычных меркаванняў не будзе ні затрыманы, ні высланы ў якую-небудзь краіну.

Арменія пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Нікола Пашыняна, які прыйшоў да ўлады ў 2018 годзе пасля пратэстаў супраць ранейшых кіраўнікоў краіны, узяла курс на збліжэнне з Еўрасаюзам. 7 чэрвеня ў краіне адбудуцца парламенцкія выбары, вынікі якіх вызначаць яе далейшы курс. Апытанні грамадскай думкі фіксуюць лідарства партыі Пашыняна “Грамадзянская дамова”.

Гл. таксама:

Беларус упершыню дэпартаваны з Грузіі ў Арменію, заяўляе праваабаронца

Падзяліцца: