Мінск 21:27

Ціханоўская чакае далейшай супрацы з дацкім прэм’ерам Фрэдэрыксен, якая захавала сваю пасаду

Святлана Ціханоўская і Мэтэ Фрэдэрыксен
Архіўнае фота: прэс-служба беларускага палітыка

2 чэрвеня, Пазірк. Працяг шчыльнай супрацы з Мэтэ Фрэдэрыксен, якая захавала пасаду прэм’ер-міністра Даніі, “з нецярпеннем чакае” беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Віншуючы дацкага дзяржаўнага дзеяча з новым тэрмінам на чале ўрада беларускі палітык выказала падзяку Даніі за “сяброўства з народам Беларусі і цвёрдую прыхільнасць да свабоды і дэмакратыі”.

1 чэрвеня Фрэдэрыксен забяспечыла сабе трэці тэрмін на пасадзе прэм’ера, сфармаваўшы новы ўрад Даніі пасля працяглых кааліцыйных перамоваў (пачаліся на наступны дзень пасля датэрміновых парламенцкіх выбараў, якія адбыліся 24 сакавіка).

Апошні раз Ціханоўская была ў Даніі ў кастрычніку 2025 года — яна ўдзельнічала ў VII саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Капенгагене на запрашэнне Фрэдэрыксен і прэзідэнта Еўрапейскай рады Антоніу Кошты.

Данія паслядоўна падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы, удзельнічае ў фармаванні Міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі палітвязням.

Падзяліцца: