Мінск 21:01

МЗС лічыць ядзернае стрымліванне “вымушаным” і “суразмерным” сродкам забеспячэння нацыянальнай бяспекі

Фота: mfa.gov.by

28 траўня, Позірк. Праведзеныя Беларуссю сумесна з Расіяй ядзерныя трэніроўкі “цалкам адпавядаюць дамове аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, з’яўляюцца аналагам натаўскай практыкі “сумесных ядзерных місій” і носяць выключна абарончы характар”. Пра гэта, паводле інфармацыі МЗС Беларусі, заявіў намеснік кіраўніка ведамства Ігар Сякрэта на брыфінгу для акрэдытаваных у краіне прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса па пытаннях згаданых трэніровак.

Паведамляецца, што ў мерапрыемстве ўзяў удзел прадстаўнік Міністэрства абароны, а сама сустрэча “была прысвечаная двум узаемазвязаным тэмам: прававым і фактычным аспектам нядаўняй сумеснай трэніроўкі ядзерных сіл Беларусі і Расіі, а таксама рэакцыі, якую яна выклікала“.

Сякрэта адзначыў, што інфармацыя пра вучэнні з самага пачатку была адкрытай і агульнадаступнай.

Ён таксама заявіў, што “на фоне таго, што сукупныя вайсковыя выдаткі суседніх Польшчы, Літвы і Латвіі ўжо ў 25 разоў перавышаюць абаронныя асігнаванні Беларусі, а натаўскі блок нарошчвае прысутнасць непасрэдна ля беларускіх межаў, ядзернае стрымліванне застаецца вымушанай, суразмернай і найбольш рацыянальнай мерай забеспячэння нацыянальнай бяспекі, якая дазваляе пазбегнуць спусташальнай гонкі ўзбраенняў“.

Паводле слоў Сякрэты, Мінск “пацвярджае адкрытасць да прафесійнага вайсковага дыялогу з усімі зацікаўленымі бакамі“.

Пра пачатак трэніроўкі вайсковых частак баявога ўжывання ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі паведаміла 18 траўня, Расіі — 19-га.

21 траўня ў рамках сумеснай трэніроўкі ракетную брыгаду УС у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці наведаў Аляксандр Лукашэнка. Па відэасувязі ў мерапрыемстве ўдзельнічалі прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і расійскія генералы.

Размаўляючы са СМІ, Лукашэнка ў чарговы раз заявіў аб падрыхтоўцы Беларусі да вайны.

“Мы рыхтуемся да вайны. Не будзе гэтай вайны — ну, і дзякуй богу, што яе не будзе. Мы не хочам гэтай вайны. Але мы памятаем урокі 1939-1941 гадоў. Вы памятаеце, што аж да Масквы фашысты дайшлі. <…> Таму на ўсялякі выпадак мы рыхтуемся па поўнай праграме. А ўжо будзе вайна ці не — гэта не ад нас залежыць”.

Начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл — першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка 21 траўня паведаміў, што падчас трэніроўкі ракетныя часткі і часткі авіяцыі “адпрацоўвалі пытанні разгрупавання і падрыхтоўкі да нанясення ўдараў з выкарыстаннем спецыяльных боепрыпасаў“.

Пры гэтым адзін з беларускіх ракетных дывізіёнаў “правёў рэальныя баявыя пускі“ з расійскіх аператыўна-тактычных комплексаў “Іскандэр“ на тэрыторыі РФ.

Міністэрства замежных спраў Украіны ў сваёй заяве ад 18 траўня ахарактарызавала “размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі і сумесныя ядзерныя вучэнні дзвюх дыктатур“ як “беспрэцэдэнтны выклік архітэктуры глабальнай бяспекі“ і заклікала да “рэзкага ўзмацнення санкцыйнага ціску на Маскву і Мінск“.

Падзяліцца: