Камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны папярэдзіў Лукашэнку аб “першых 500 цэлях на алоўку“

26 траўня, Позірк. Камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны Роберт Броўдзі з пазыўным “Мадзяр“ трэці раз за апошнія 11 дзён у рэзкай форме публічна звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі.
“Мінскаму гаўляйтару Лукашэску (адначасовае параўнанне са стаўленікамі Гітлера на акупаваных тэрыторыях і з румынскім камуністычным дыктатарам Мікалае Чаўшэску, расстраляным у 1989 годзе падчас народнага паўстання. — “Позірк”.): сабака, які брэша, не кусае. Птушка драпежная (дрон. — “Позірк”.) не такая. Першыя 500 цэляў ужо на алоўку. Бясплатная і вельмі практычная парада: не лезь у вочы Украіне“, — напісаў Броўдзі ў сваім тэлеграм-канале з 539 тыс. падпісчыкаў (у неафіцыйнага тэлеграм-канала прэс-службы Лукашэнкі 246 тыс., або ў 2,2 раза менш).
Некалькімі гадзінамі раней дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч заявіў аб актыўнай разведцы беларускай тэрыторыі, якую вядзе ўкраінскі бок, з задзейнічаннем радыёэлектронных комплексаў.
Выказванні прагучалі 26 траўня на пасяджэнні Камітэта сакратароў саветаў бяспекі краін АДКБ у Маскве.
“На памежных украінскіх палігонах адпрацоўваюцца пытанні прымянення ўдарных БПЛА, а таксама штурму і захопу будынкаў. На гэтым фоне штодня нашымі сродкамі СПА фіксуецца рэгулярнае перасячэнне мяжы Беларусі ўкраінскімі баявымі БПЛА і іх падзенне на нашай тэрыторыі. У некаторых выпадках гэта не выпадковыя атакі, а спробы ўразіць элементы памежнай інфраструктуры, прыкрываючыся нібыта выпадковымі залётамі“, — заявіў Вальфовіч.
Паводле яго сцвярджэння, толькі за апошні тыдзень іх было 116, дзяжурныя сілы па іх ужываліся 59 разоў.
Акрамя таго, сказаў ён, беларускую мяжу нібыта рэгулярна перасякаюць грамадзяне Украіны, “якія бягуць ад прымусовай мабілізацыі“: “За апошні месяц затрымана 76 такіх парушальнікаў. Частка з іх — гэта шпіёны з канкрэтнымі задачамі“.
Заявы Вальфовіча ў Дзяржаўнай памежнай службе Украіны назвалі абсурднымі.
16 траўня Броўдзі прыгразіў Лукашэнку адплатай за пропуск расійскіх ударных дронаў праз Беларусь: “Мінскі гаўляйтар Лукашэску! Мы фіксуем пралёт кожнага без выключэння “Шахеда“, які накіроўваецца ва Украіну, скарыстаўшыся калідорамі Беларусі, кожную без выключэння тваю фрыкцыю і хістанне вайсковага адцення”.
“Ты можаш колькі заўгодна круціць вусы на камеру і хлусіць свайму запалоханаму народу пра “нейтралітэт“, але твае канечнасці ўжо па самыя плечы ў крывавай юшцы забойстваў грамадзянскіх украінцаў. Трэк наступны: калідор для забойцаў = саўдзел = каса (расплата. — “Позірк“.), — падкрэсліў “Мадзяр”.
13 траўня паветраныя сілы УСУ паведамілі, што Расія правяла маштабную атаку беспілотнікамі, выкарыстаўшы “тэрыторыю Беларусі і Малдовы для пралёту ўдарных БПЛА ў бок Украіны“.
15 траўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паводле вынікаў нарады з кіраўніцтвам структур сіл абароны напісаў у сваім тэлеграм-канале, што ўкраінская выведка фіксуе спробы “пераканаць [Лукашэнку] далучыцца да новых расійскіх агрэсіўных аперацый“. Яму, як сцвярджалася, стала вядома аб планах аперацый “па напрамках на поўдзень і на поўнач ад тэрыторыі Беларусі — альбо супраць чарнігаўска-кіеўскага кірунку ва Украіне, альбо супраць адной з краін НАТО“.
17 траўня па выніках начной атакі дронаў на аб’екты ў Маскве і Маскоўскай вобласці Броўдзі зноў звярнуўся да Лукашэнкі: “Масква з гэтага часу ніколі не спіць. Версія 17.05, шанцы зраўняліся: ануляваны аднабаковы абанемент спакойнага жыцця на Патрыках (Патрыярхавых сажалках у Маскве. — “Позірк“.) і наваколлі”.
У сваім паведамленні Брыўдзі звярнуўся да Лукашэнкі, выкарыстаўшы стылістыку культавага савецкага шматсерыйнага фільма пра вайну “Сямнаццаць імгненняў вясны”: “Юстас — Алексу Рыгоравічу: важна, як увайсці ў патрэбную размову, але яшчэ важней мастацтва выхаду з яе”.
“Лукашэнка, прыглядайся да перспектыў”, — заклікаў камандуючы.
25-27 траўня Украіну ўпершыню наведвае беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская. 26 траўня яна сустрэлася з прэзідэнтам краіны Уладзімірам Зяленскім.
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- У Беларусі вучыцца каля 150 грамадзян Зімбабвэ — СергеенкаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка

