Мінск 20:40

Латушка: Гаварыць з Лукашэнкам можна толькі мовай сілы, Францыя такой сілай валодае

Архіўнае фота: "Позірк"

24 траўня, Позірк. “Гаварыць з Лукашэнкам можна толькі мовай сілы і папярэджанняў з пазіцыі сілы. Францыя такой сілай безумоўна валодае”, — заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка, каментуючы тэлефонную размову 24 траўня прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона з Аляксандрам Лукашэнкам.

“Чалавек, які намаляваў на карце Беларусі мішэнь праз удзел у чарговым расійскім ядзерным шантажы на адрас суседзяў Беларусі, павінен дакладна ўсведамляць наступствы сваіх дзеянняў. Павінен разумець, што менавіта ён будзе несці паўнату адказнасці за любыя агрэсіўныя дзеянні і ваенныя правакацыі з тэрыторыі Беларусі”, — падкрэсліў Латушка.

Паводле яго слоў, “неабходна разумець”, што Лукашэнка пры гэтым няздольны “гарантаваць якія-небудзь абяцанні, бо яго суб’ектнасць на сённяшні дзень знаходзіцца на мінімальным узроўні за ўсе 30+ гадоў яго кіравання”.

“Любыя дамоўленасці з ім з боку заходніх лідараў у абыход беларускага грамадства і дэмакратычных сіл не будуць трывалымі і годнымі даверу”, — адзначыў палітык.

“Перадумовай любых дамоўленасцяў і гарантый іх выканання з боку Беларусі можа быць толькі папярэдняе вырашэнне ўнутрыбеларускага крызісу праз паўнавартасны дыялог цяперашніх функцыянальных уладаў з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю”, — дадаў Латушка.

Ён лічыць, што “толькі Беларусь, якая прайшла праз сваю версію Круглага стала, сістэмную трансфармацыю і пераадолела ўнутраны крызіс”, можа стаць “паўнавартасным бокам знешніх дамоўленасцяў і гарантам іх выканання”.

“Я знаходзіўся ў кантакце з Елісейскім палацам напярэдадні гэтага званка. Мы ўдзячныя французскім партнёрам за тое, што яны не робяць нешта за нашай спінай і падтрымліваюць беларускі народ”, — заявіў у сваю чаргу дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях, кіраўнік яе вільнюскага офіса Дзяніс Кучынскі.

Ціханоўская, нагадаў ён, размаўляла з Макронам “у пачатку гэтага месяца падчас сустрэчы ў Арменіі”. “Тады асобна падкрэслівалася важнасць захавання адзінай агульнаеўрапейскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі, каардынацыі дзеянняў саюзнікаў і агульнага падыходу да рэжыму Лукашэнкі”, — сказаў Кучынскі.

“Адна з рэчаў, пра якія мы гаворым з нашымі партнёрамі — ЗША, Францыяй і еўрапейскімі краінамі, якія падтрымліваюць кантакты з рэжымам на тым ці іншым узроўнях, — гэта неабходнасць падымаць пытанне нацыянальнага дыялогу і настойваць на тым, каб рэжым пачаў размаўляць менавіта з беларускім грамадствам, а не спрабаваў навязаць грамадству і заходнім партнёрам капітуляцыю”, — адзначыў дарадца.

Паводле яго звестак, галоўнай мэтай званка Макрона ў Мінск былі “пытанні, звязаныя з вайной, рэгіянальнай бяспекай і роляй рэжыму ў падтрымцы расійскай агрэсіі супраць Украіны”.

“Французскі прэзідэнт дасканала ведае, што беларускі народ не падтрымлівае гэтую вайну, — падкрэсліў Кучынскі. — Дзясяткі тысяч беларусаў выступалі супраць вайны, многія трапілі пад рэпрэсіі за антываенную пазіцыю, а тысячы беларусаў сёння дапамагаюць Украіне, у тым ліку ваююць на баку Украіны супраць расійскай агрэсіі”.

У той жа час, дадаў дарадца Ціханоўскай, рэжым Лукашэнкі з’яўляецца “саўдзельнікам расійскай агрэсіі, прадастаўляючы тэрыторыю, інфраструктуру і іншую падтрымку Крамлю, але гэта не адлюстроўвае пазіцыю беларускага грамадства”.

“Елісейскі палац таксама ведае пра адносіны паміж Офісам Святланы Ціханоўскай і ўкраінскім прэзідэнтам і запланаваны візіт ва Украіну”, — звярнуў увагу Кучынскі.

Пры гэтым, адзначыў ён, “не было афіцыйнай камунікацыі Елісейскага палаца адносна Лукашэнкі, таму гаворкі аб нейкім прызнанні або легітымізацыі не ідзе”.

“Хутчэй гаворка ідзе пра свайго роду папярэджанне для Лукашэнкі — тактычны кантакт, падобны да тых, што адбываліся чатыры гады таму, калі і Макрон, і [тагачасны канцлер Германіі Ангела] Меркель выходзілі на сувязь з Лукашэнкам у кантэксце вайны і міграцыйнага крызісу”, — удакладніў Кучынскі.

Лукашэнка, сказаў ён, таксама быў праінфармаваны Макронам аб “канкрэтных умовах і аб тым, што яму неабходна зрабіць для паляпшэння адносін з Захадам”.

“Аднак рэжым пакуль робіць адваротнае — працягвае ціск унутры краіны і спрабуе захаваць цяперашнюю мадэль праз страх, рэпрэсіі і падтрымку вайны ва Украіне”, — рэзюмаваў дарадца Ціханоўскай.

Гл. таксама:

Макрон перасцярог Лукашэнку ад удзелу ў вайне РФ супраць Украіны — СМІ

Ціханоўская: Мэта званка Макрона Лукашэнку — перадаць сігнал аб недапушчальнасці далейшага ўцягвання Беларусі ў вайну

Прэс-служба Лукашэнкі паведаміла пра яго тэлефонную размову з Макронам (дапоўнена)

Падзяліцца: