Мінск 17:32

Прэс-служба Лукашэнкі паведаміла пра яго тэлефонную размову з Макронам (дапоўнена)

Фота: прэс-служба Эманюэля Макрона

24 траўня, Позірк. Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі паведаміла пра яго тэлефонную размову з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам.

Адзначаецца, што размова адбылася “з ініцыятывы французскага боку”.

Лукашэнка і Макрон “абмеркавалі рэгіянальныя праблемы і ўзаемаадносіны Беларусі з ЕС і Францыяй у прыватнасці”, гаворыцца ў паведамленні.

Папярэдні раз Лукашэнка і Макрон размаўлялі па тэлефоне 26 лютага 2022 года — праз два дні пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, у тым ліку з беларускай тэрыторыі.

Тады паведамлялася, што палітыкі на працягу гадзіны і дваццаці хвілін абмяркоўвалі “расійска-ўкраінскі канфлікт” і, у прыватнасці, “пазіцыю Беларусі і [яе] ўцягнутасць у гэты канфлікт”.

“Значная частка размовы была ўдзелена абмеркаванню будучыні Еўропы і месца Беларусі ў гэтай светабудове, гаварылі таксама і пра ўзаемаадносіны Беларусі і Расіі, — адзначала прэс-служба Лукашэнкі. — Яшчэ адна тэма тычылася ўзбраенняў, у тым ліку гаворка ішла аб ядзернай зброі і магчымым размяшчэнні яе ў Беларусі”.

Лукашэнка назваў гэта фэйкам і заявіў, што, “калі народ Беларусі не будуць душыць, не толькі пра ядзерную — і пра звычайную зброю гаворкі быць не можа”.

“У разрэзе абмеркавання пытання перамоваў [паміж РФ і Украінай] аб міры Аляксандр Лукашэнка выказаў сваю пазіцыю — “у любы час, у любым месцы — у Беларусі”. Прэзідэнт Францыі падчас размовы асабліва падкрэсліў сваю павагу да беларускага народа. Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся аб кантактах найбліжэйшым часам”, — гаварылася ў паведамленні.

Францыя, будучы часткай Еўрапейскага саюза, не прызнае Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі. Еўрасаюз увёў у дачыненні да прадстаўнікоў яго рэжыму санкцыі. За гэта яна была ўключана ў “пералік замежных дзяржаў, якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб”, у дачыненні да якіх перыядычна ўводзяцца абмежавальныя меры, у асноўным эканамічнага характару.

Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская неаднаразова сустракалася з Макронам.

Паводле звестак праваабаронцаў, сярод палітвязняў у Беларусі ёсць мінімум адзін грамадзянін Францыі — Сяргей Ботвіч, асуджаны за “шпіянаж” на 13 гадоў пазбаўлення волі. Мужчына таксама з’яўляецца грамадзянінам Літвы.

З 18 па 21 траўня 2026 года Расія і Беларусь праводзілі вучэнні па выкарыстанні ядзернай зброі. У апошні дзень Лукашэнка наведаў ракетную брыгаду Узброеных сіл Беларусі ў Асіповіцкім раёне (Магілёўская вобласць).

“Мы рыхтуемся да вайны. Не будзе гэтай вайны — ну і дзякуй богу, што яе не будзе. Мы не хочам гэтай вайны. Але мы памятаем урокі 1939–1941 гадоў. Вы памятаеце, што аж да Масквы фашысты дайшлі <…>. Таму на ўсялякі выпадак мы рыхтуемся паводле поўнай праграмы. А ўжо будзе вайна ці не — гэта не ад нас залежыць”, — сказаў ён падчас візіту.

“Калі і будзем мы ўцягнутыя ў вайну, у тым ліку калі гэта будзе супраць Украіны, толькі ў адным выпадку — калі яны ўчыняць супраць нас агрэсію. Мы ўцягвацца ў вайну ва Украіне не збіраемся. У гэтым няма ніякай неабходнасці. Ні грамадзянскай, ні ваеннай”, — дадаў Лукашэнка, прапанаваўшы прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму сустрэцца.

Увечары 22 траўня па выніках тэлефонных перамоваў з канцлерам Германіі Фрыдрыхам Мерцам і прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам Зяленскі паведаміў, што “асобна праінфармаваў“ іх аб “расійскіх планах адносна Украіны, Беларусі і іншых напрамкаў у Еўропе“. “Усё, што тычыцца іх палітычных і ваенных намераў, адсочваем. Нашы каманды ўзроўню выведак дэталёва абмяняюцца наяўнай інфармацыяй”, — адзначыў украінскі кіраўнік.

У ноч на 24 траўня Расія нанесла маштабны ўдар па Кіеве і Кіеўскай вобласці. Выкарыстоўваліся беспілотнікі, балістычныя і крылатыя ракеты. Горад Белая Царква быў атакаваны ракетным комплексам “Арэшнік”. Загінулі два чалавекі.

Макрон на сваёй старонцы ў сацсетцы Х асудзіў гэтую атаку.

Падзяліцца: