Мінск 11:48

Пасля рэйду па нелегальных гульнявых установах Варшавы затрыманыя грамадзяне трох краін, у тым ліку Беларусі

Фота: gov.pl

20 траўня, Позірк. Аб затрыманні грамадзян Польшчы, Украіны і Беларусі пасля праведзенага ў Варшаве рэйду па 18 установах з нелегальнымі гульнявымі аўтаматамі паведаміла 20 траўня Нацыянальная падатковая адміністрацыя (НПА) Польшчы.

Адзначаецца, што падчас сумеснай двухдзённай маштабнай аперацыі НПА і паліцыі Варшавы ў трох раёнах польскай сталіцы затрымана 15 чалавек, канфіскавана 80 гульнявых аўтаматаў, амаль 92 тыс. злотых наяўнымі (каля 25 тыс. долараў ЗША), мабільныя тэлефоны, носьбіты памяці і дакументацыя, якая можа быць звязана з дзейнасцю групы.

Сярод затрыманых была жанчына, якая знаходзілася ў вышуку па ордарах на арышт, а таксама мужчына, які незаконна знаходзіўся на тэрыторыі Польшчы. У аднаго з затрыманых таксама выявілі наркатычныя рэчывы. Грамадзянства згаданых асоб не паведамляецца.

Падазраваныя былі дастаўленыя ў адно з аддзяленняў паліцыі Варшавы, дзе ім выставілі абвінавачанне ў незаконнай арганізацыі азартных гульняў.

У паведамленні гаворыцца, што ім пагражаюць буйныя штрафы і пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў.

Падзяліцца: