Мінск 00:50

У ДТЗ у Гродзенскім раёне загінула два чалавекі, у тым ліку аднагадовае дзіця (дапоўнена)

Відэазапіс: МУС / стоп-кадр: "Позірк"

20 траўня, Позірк. Пра гібель двух чалавек у дарожна-транспартным здарэнні ў Гродзенскім раёне паведаміў Следчы камітэт.

Паводле дадных следства, 20 траўня каля 16:30 32-гадовы кіроўца “Пежо“, рухаючыся па аўтадарозе M6, якая рамантуецца, у напрамку Мінска, выехаў на паласу сустрэчнага руху для абгону. У выніку здарылася лабавое сутыкненне з аўтамабілем “Мазда” пад кіраваннем 70-гадовага мужчыны.

У ДТЗ загінула аднагадовае дзіця, якое знаходзілася ў “Пежо“, а таксама 71-гадовая пасажыр у “Маздзе“.

Паведамлялася, што “прама зараз на месцы здарэння працуе следча-аператыўная група,<…> праводзіцца агляд месца здарэння, дапытваюцца сведкі, прызначаны шэраг экспертных даследаванняў.

Упраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці ўзбудзіла крымінальную справу па ч. 3 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх асоб).

Дапаўненне:

Паводле інфармацыі начальніка ГУ ДАІ МУС Віктара Ротчанкава, трагедыя здарылася ў 6 км ад Гродна на месцы, “дзе праводзяцца дарожныя работы і рух арганізаваны паводле часовай схемы з абмежаваннем хуткасці да 70 км/г“.

Папярэдне ўстаноўлена, што маці перавозіла дзіця на руках на пярэднім сядзенні “Пежо“.

Трое пацярпелых дастаўлена ў бальніцы.

Падзяліцца: