Мінск 12:34

У Вільнюскай акрузе абвешчаная паветраная трывога — з боку Беларусі зафіксаваны меркавана БПЛА

Сталіца Літвы Вільнюс
Фота: "Позірк"

20 траўня, Позірк. У Вільнюскай акрузе раніцай 20 траўня абвешчаная паветраная трывога, паведамляе Delfi.

“Неадкладна ідзіце ў сховішча або ў бяспечнае месца, паклапаціцеся пра сваіх блізкіх, дачакайцеся далейшых рэкамендацый. Аб спыненні небяспекі мы паведамім вам у асобным паведамленні“, — гаворыцца ў разасланым насельніцтву папярэджанні.

Паветраная прастора над Вільнюскім аэрапортам закрытая.

У памежнай зоне Літвы быў зафіксаваны неапазнаны лятаючы аб’ект з прыкметамі беспілотніка, які рухаўся з боку Беларусі, паведамляе Delfi. Адзначаецца, што на тэрыторыі Беларусі недалёка ад літоўскай мяжы фіксуецца радыёлакацыйная адзнака, якая мае прыкметы, характэрныя для беспілотных лятальных апаратаў.

У паветра паднятыя знішчальнікі НАТО, якія займаліся патруляваннем паветранай прасторы, паведаміла Літоўскае вайсковае камандаванне. Нацыянальны цэнтр кіравання крызісамі ўдакладніў, што для насельніцтва раёнаў Ігналіна, Утэна, Швенчэніс і Зарасай, а пазней і Вільнюса абвешчаная паветраная трывога жоўтага ўзроўню, што па змаўчанні азначае магчымасць пачатку атакі.

“Гэтая падзея падобна на тое, што мы назіралі ў Латвіі і Эстоніі ў апошнія дні, і папярэджанне насельніцтва з’яўляецца стандартнай прафілактычнай мерай”, — заявіў цэнтр.

Паведамляецца, што паліцыя гатовая да рэагавання.

Жыхарам накіравана папярэджанне, сутнасць якога ў інфармаванні аб неапазнаным лятальным аб’екце і патэнцыйнай пагрозе. Насельніцтву рэкамендуецца захоўваць спакой і пільнасць, па магчымасці заставацца ў памяшканнях, трымацца далей ад вокнаў.

Кіраўніцтва краіны — прэзідэнт Гітанас Наўседа, прэм’ер-міністр Інга Ругінене і спікер парламента Юозас Алекас — знаходзіцца ў хованцы.

Улады заклікаюць сачыць за афіцыйнай інфармацыяй літоўскага войска і органаў улады па радыё, тэлебачанні ці ў інтэрнеце і выконваць указанні службаў экстранай дапамогі.

19 траўня міністр нацыянальнай абароны Робертас Каўнас заявіў, што Літва не пацерпіць ніякіх парушэнняў сваёй паветранай прасторы ў мэтах правядзення ваенных аперацый. Паводле яго слоў, Крэмль стварае ілжывы наратыў, накіраваны на запалохванне суседніх краін. Паводле слоў міністра, распаўсюд Крамлём дэзінфармацыі аб нібыта атрыманым Украінай дазволе на выкарыстанне паветранай прасторы краін Балтыі для арганізацыі аперацый з беспілотнікамі супраць Расіі з’яўляецца адным з метадаў запалохвання.

Старшыня Камітэта нацыянальнай бяспекі і абароны Сейма Рымантас Сінкявічус таксама назваў фармаваную Крамлём версію падзей “чыстай дэзінфармацыяй“. Ён адзначыў, што Расія можа выкарыстоўваць гэтую ілжывую інфармацыю для падрыхтоўкі правакацый супраць Літвы. Спікер Сейма Алекас заявіў, што не выключае версій аб магчымасці розных формаў нападу Крамля на Літву. Аднак ён падкрэсліў, што важна быць гатовым і не панікаваць у выпадку інцыдэнту.

19 траўня аб рэальнасьці паўторнага наступу расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі заявіў галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Украіны Аляксандар Сырскі. “У нас ёсць звесткі, што расейскі Генштаб цяпер актыўна пралічвае і плануе аперацыі наступальных дзеянняў з поўначы“, — сказаў ён.

15 траўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля вынікаў нарады з кіраўніцтвам структур сіл абароны паведаміў, што ўкраінская выведка фіксуе спробы “пераканаць [Лукашэнку] далучыцца да новых расійскіх агрэсіўных аперацый“, стала вядома аб планах аперацый “па кірунках на поўдзень і на поўнач ад тэрыторыі Беларусі — альбо супраць Чарнігаўска-Кіеўскага кірунку ва Украіне, альбо супраць адной з краін НАТО“.

Міністэрства абароны Беларусі 18 траўня паведаміла пра пачатак трэніроўкі вайсковых частак баявога ўжывання ядзернай зброі і ядзернага забесьпячэння. Было заяўлена, што вучэнні праводзяцца ў “інтарэсах павышэння гатоўнасці Узброеных сіл да ўжывання сучасных сродкаў паражэння, у тым ліку спецыяльных боепрыпасаў“.

19 траўня Мінабароны РФ абвясціла аб пачатку трохдзённых вучэнняў, у рамках якіх сярод іншага будуць адпрацоўвацца “пытанні сумеснай падрыхтоўкі і прымянення ядзернай зброі, размешчанай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь“.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Напад пачаўся ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.

Падзяліцца: