Мінск 23:01

ЗША выдзеляць 100 млн долараў на ізаляцыю ядзерных матэрыялаў на ЧАЭС

Фота: pixabay.com

5 траўня, Позірк. Злучаныя Штаты Амерыкі выдзеляць да 100 млн долараў “у рамках скаардынаваных намаганняў краін G7 з мэтай забяспечыць далейшую надзейную ізаляцыю ядзерных матэрыялаў на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ва Украіне”, паведаміла амбасада ЗША ў сацсетцы Х.

Паводле ацэнкі G7 (“Вялікая сямёрка”), кошт “аднаўлення аркі новага бяспечнага канфайнмента, пашкоджанай у выніку ўдару беспілотніка летась падчас бессэнсоўнай вайны паміж Расіяй і Украінай”, складае 500 млн долараў.

ЗША заклікалі партнёраў па G7 і еўрапейскія краіны рушыць услед гэтаму прыкладу і “ўзяць на сябе значныя фінансавыя абавязацельствы, каб сумесна падзяліць цяжар гэтых жыццёва неабходных рамонтных работ”.

26 красавіка з нагоды 40-годдзя аварыі Дзярждэпартамент ЗША заявіў, што Чарнобыльская катастрофа “назаўжды змяніла ўяўленні свету аб ядзернай бяспецы”.

“Мы памятаем пра загінулых і аддаем належнае неверагоднай мужнасці супрацоўнікаў службаў экстранага рэагавання і нявінных людзей ва Украіне, Беларусі, Расіі і іншых краінах, якія тварам да твару сутыкнуліся з гэтай трагедыяй і працягваюць змагацца з яе наступствамі сёння”, — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце Дзярждэпу.

Адзначалася, што ЗША “адрэагавалі на крызіс, аказаўшы дапамогу ў ліквідацыі наступстваў аварыі і лакалізацыі аб’екта”. “Сёння мы працягваем надаваць прыярытэтную ўвагу ядзернай бяспецы на аб’екце і ва ўсім свеце”, — падкрэсліла ведамства.

26 красавіка 1986 года ў 1:23, адбылася найбуйнейшая ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа — аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Нягледзячы на тое што атамная станцыя размешчаная ва Украіне, больш за 70% усіх радыенуклідаў, якія выпалі ў выніку разбурэння рэактара, асела ў Беларусі.

Гл. таксама:

40 гадоў трагедыі. Як Лукашэнка “надаваў па мардасах” Чарнобылю

Ціханоўская: Чарнобыль паказаў, да чаго вядзе безадказнасць уладаў

У заяве з нагоды 40-годдзя Чарнобыльскай катастрофы АПК заклікаў вывезці з Беларусі расійскую ядзерную зброю

Падзяліцца: