“Чым ён там займаецца?” — Лукашэнка раскрытыкаваў дырэктара Светлагорскага ЦКК

5 траўня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў на нарадзе 5 траўня прапанову ўрада па падтрымцы ААТ “Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат“ (Гомельская вобласць, ЦКК), паведамляе прэс-служба палітыка.
На нараду быў вынесены праект пастановы Савета міністраў аб выдзяленні ў 2026 годзе ЦКК сродкаў дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця.
“Зноў грошы, — сказаў Лукашэнка. — Прапанова ўрада такая: вярнуць усе пералічаныя сёлета грамадствам у фонд нацыянальнага развіцця сродкі назад для выплаты крэдыту. Груба кажучы, яны павінны заплаціць падатак — мы з іх не бярэм. Яны гэта за кошт гэтага падатку, які павінна плаціць прадпрыемства, будуць пагашаць свае абавязацельствы. Пры гэтым урад і Камітэт дзяржкантролю сыходзяцца ў меркаванні, што гэтая сума разлічаная не з рэальнага, а з так званага папяровага прыбытку, атрыманага ад станоўчых курсавых розніц. Гэта значыць фактычна грошай няма жывых”.
Лукашэнка задаўся пытаннем, чаму прадпрыемства не можа самастойна разлічвацца па сваіх абавязацельствах: “Там што, няма кіраўніка? Ёсць. Чым ён там займаецца? Трэба прынцыпова паглядзець і даць ацэнку з адпаведнымі высновамі. Для чаго такая складаная схема, як вы прапануеце? Як дакладвае Камітэт дзяржкантролю, ва ўрада дастаткова паўнамоцтваў для прыняцця рашэння. Чаго вы да мяне прыйшлі?“.
Дырэктарам адзінага вытворцы цэлюлозы ў Беларусі Светлагорскага ЦКК ужо больш за 20 гадоў з’яўляецца Юрый Крук.
Калі ў 2024 годзе на Светлагорскім ЦКК святкавалі 20 гадоў працы пад кіраўніцтвам Крука, адзначалася, што пад яго кіраўніцтвам былі рэалізаваны буйныя інвестыцыйныя праекты: “У 2006 годзе ўведзены ў эксплуатацыю лесапільны цэх, у 2008 годзе выраблены пуск паравой турбіны, у 2012 годзе ў выніку рэканструкцыі ўтылізацыйнай кацельні ўведзены ў эксплуатацыю кацёл па спальванню карадраўляных адходаў, у 2020 годзе рэалізаваны указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30.08.2012 № 391 “Аб будаўніцтве завода па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы“.
Камбінат пачаў працу ў 1968 годзе, першапачаткова спецыялізаваўся на вытворчасці гофракардону і гофраўпакоўкі.
У 2010 годзе быў падпісаны кантракт з кітайскай кампаніяй CAMCE на будаўніцтва завода сульфатнай беленай цэлюлозы на яго базе. 85% ад агульнай сумы будаўніцтва ў 800 млн долараў склаў кітайскі звязаны крэдыт. Планавалася, што вытворчасць пачне працу ў 2015 годзе. Мясцовыя жыхары збіралі подпісы супраць будаўніцтва новага прадпрыемства ў сувязі з пагрозамі экалогіі.
Узвядзенне аб’ектаў адбывалася з вялікім адставаннем ад графіка. У 2019 годзе кіраўніцтва Светлагорскага ЦКК пачало працэдуру разрыву кантракту з кітайскім генпадрадчыкам. У сярэдзіне таго года завод працаваў у рэжыме доследна-прамысловай эксплуатацыі. Даўгі ААТ “Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат” перад кітайскімі банкамі часткова пагашаліся Міністэрствам фінансаў Беларусі.
У выніку ўвесь камбінат стаў стратным прадпрыемствам. Прыбытак ён прадэманстраваў толькі па выніках 2021 года.
У 2020 годзе не менш за тры рабочыя загінулі праз два надзвычайныя здарэнні на заводзе, яшчэ трое — ад выбуху ў адным з цэхаў камбіната 7 чэрвеня 2023-га.
У лістападзе 2024-га вінаватым у апошнім выбуху быў прызнаны начальнік цэха рэгенерацыі ЦКК, яму інкрымінавалі парушэнне правілаў аховы працы.
Фігурант крымінальнай справы быў прысуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 3 арт. 306 КК (парушэнне правілаў аховы працы, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць двух або больш асоб). Кампенсацыя маральнай шкоды на карысць пацярпелых вызначана ў памеры 560 тыс. рублёў (14 тыс. базавых велічынь).
У кастрычніку 2023 года Эканамічны суд Гомельскай вобласці вынес рашэнне аб спагнанні з ААТ “Светлагорскі ЦКК“ у даход рэспубліканскага бюджэту больш за 3,3 млн рублёў у якасці кампенсацыі шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю. Падрабязнасці невядомыя.
Другі цэлюлозна-кардонны камбінат плануецца ўзвесці ў Дуброўне (Віцебская вобласць), паведаміў дзяржСМІ 17 ліпеня 2025 года міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік.
Камбінат, паводле яго слоў, неабходны для развязання пытання “лішку нізкатаварнай драўніны”.
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаАдмоўнае сальда Беларусі ў гандлі таварамі з краінамі па-за СНД дасягнула амаль 2 млрд долараўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- ЭканомікаПа выніках першага квартала Беларусь заняла 3-е месца ў ЕАЭС паводле вытворчасці сельгаспрадукцыі, месяц таму была на 2-мМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства68% правераных ад пачатку года будоўляў не адпавядала нормам — ДзяржбуднаглядМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства


