Мінск 21:53

Грамадзянін Малдовы затрыманы ў Літве за перавозку мігрантаў

Архіўнае фота: САДМ

5 траўня, Позірк. Аб затрыманні 31-гадовага грамадзяніна Малдовы за перавозку нелегальных мігрантаў паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ).

Затрыманы, як адзначаецца, перавозіў на аўтамабілі “Таёта” васьмёх замежнікаў, рухаўся з Латвіі ў напрамку Польшчы.

Аўтамабіль з польскімі рэгістрацыйнымі нумарамі быў спынены памежнікамі 3 траўня.

“У машыне знаходзіліся восем маладых замежнікаў, усе мужчыны, яны прадставіліся грамадзянамі Эфіопіі. Ні ў аднаго з іх не было дакументаў, якія пацвярджаюць іх асобу або грамадзянства, а таксама права на ўезд і знаходжанне на тэрыторыі Літвы. Афрыканцы не размаўлялі ні па-ангельску, ні па-руску”, — гаворыцца ў паведамленні.

“Кіроўца не хаваў, што перавозіў гэтых замежнікаў у Польшчу за грашовую ўзнагароду”, — адзначае памежная служба.

Мігранты змешчаныя ў пункты САДМ “да вяртання латвійскай памежнай службе”, малдаўскі грамадзянін арыштаваны на два месяцы.

Распачатае дасудовае расследаванне “па факце незаконнай перавозкі людзей праз дзяржаўную мяжу ў карыслівых мэтах”. Паведамляецца, што за такое дзеянне заканадаўства Літвы прадугледжвае “штраф або пазбаўленне волі на тэрмін да васьмі гадоў”.

“Памежнікі фіксуюць рост плыні нелегальных мігрантаў з Латвіі праз Літву. Незаконна перасекшы беларуска-латвійскую мяжу, замежнікі рухаюцца праз нашу краіну ў напрамку Польшчы, імкнучыся трапіць у адну з заходнееўрапейскіх краін, найбольш жаданай з якіх з’яўляецца Германія”, — адзначаецца ў рэлізе.

41 дзень запар нелегальныя мігранты спрабуюць трапіць з Беларусі ў Латвію, сведчыць праведзены “Позіркам“ аналіз масіву аператыўных звестак Дзяржаўнай памежнай аховы гэтай краіны.

З 25 сакавіка па 4 траўня зафіксавана 2.097 спробаў незаконнага пераходу мяжы (у сярэднім 51 у дзень).

З пачатку траўня адзначана 216 спробаў. Гэта на 63,6% больш, чым за чатыры дні красавіка (132), але ў 2,3 раза менш, чым за 1–4 траўня мінулага года (487).

З пачатку года такіх спробаў зафіксавана 2.238, што складае 71,8% усіх спробаў мігрантаў з трэціх краін трапіць у Еўрасаюз праз Беларусь наземным шляхам, абыходзячы пункты пропуску. Годам раней за гэты перыяд было адзначана 2.478 спроб (на 10,7% больш; доля — 26,1%).

Польшча не адзначае актыўнасці мігрантаў ля сваёй мяжы з Беларуссю 18 дзён (з 17 красавіка), Літва — 2 дні (3 і 4 траўня).

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі не будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Еўрасаюз праз Беларусь, таму што тых туды нібыта “паклікалі“, а сам ЕС “душыць“ Мінск санкцыямі.

Падзяліцца: