Мінск 14:07

Гендырэктар расійскага Эрмітажа падзякаваў Лукашэнку за дапамогу ў вызваленні археолага Буцягіна

5 траўня, Позірк. Падзяку на адрас Аляксандра Лукашэнкі, прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, знешнепалітычных і сілавых ведамстваў Беларусі і РФ за вызваленне свайго супрацоўніка Аляксандра Буцягіна выказаў на прэс-канферэнцыі 4 траўня генеральны дырэктар Дзяржаўнага Эрмітажа (Санкт-Пецярбург) Міхаіл Піятроўскі.

Пры гэтым падкрэслена, што Эрмітаж не дзякуе “тым псеўдасябрам” Буцягіна, якія “зацягнулі яго ў прывабны тур і падставілі пад аперацыю еўрапейскіх спецслужбаў”. “Мы здзіўленыя поўнай адсутнасцю высакароднасці ў дзеяннях польскіх праваахоўных органаў”, — гаворыцца ў заяве, агучанай Піятроўскім.

Адзначаецца, што музей таксама не дзякуе “еўрапейскім установам культуры, якія не захацелі адгукнуцца на просьбы аб абароне правоў чалавека і навукоўца, звернутыя да іх грамадскімі арганізацыямі Расіі і Эрмітажам”.

28 красавіка 2026 года на мяжы Беларусі і Польшчы адбыўся “шпіёнскі” абмен “5 на 5”, у рамках якога беларускі бок сярод іншых прыняў расійскага археолага Аляксандра Буцягіна. Мужчына быў затрыманы ў Польшчы на запыт Украіны, якая абвінаваціла яго ў незаконных раскопках на анексаваным РФ паўвостраве Крым.

Падзяліцца: