Мінск 13:19

На адным з вядучых дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі здарыўся пажар

Відэа: прэс-служба МНС / стоп-кадр: "Позірк"

5 траўня, Позірк. Пра ліквідацыю пажару на тэрыторыі прадпрыемства “ФанДАК” у Бабруйску (Магілёўская вобласць) паведаміла 5 траўня прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Паведамленне пра здарэнне на тэрыторыі прадпрыемства паступіла 4 траўня. Гарэлі пілавінне і павець на адчыненай пляцоўцы захоўвання адкідаў вытворчасці. Разам з падраздзяленнямі МНС (4 адзінкі тэхнікі), якія прыбылі на месца, пажар тушыла пажарная каманда прадпрыемства.

Адзначаецца, што “пажар быў аператыўна ліквідаваны”. “Пацярпелых няма. Загаранне на тэхналагічны працэс не паўплывала. Прычына здарэння высвятляецца”, — гаворыцца ў паведамленні.

ААТ “ФанДАК” з’яўляецца адным з найбуйнейшых, вядучых прадпрыемстваў беларускай дрэваапрацоўкі. Займаецца комплекснай перапрацоўкай драўніны. Прадпрыемства выпускае клееную фанеру, піламатэрыялы, мэблевыя шчыты, дзвярныя блокі, мэблю з масіва ды інш.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова патрабаваў скараціць экспарт неапрацаванай драўніны і перапрацоўваць яе ўнутры краіны для стварэння прадукцыі з высокім дададзеным коштам.

Падзяліцца: