Мінск 12:56

Золатавалютныя рэзервы Беларусі за красавік выраслі на 24,4 млн долараў (дапоўнена)

Ілюстрацыйнае фота: Yana Hurska / unsplash.com

5 траўня, Позірк. Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі на 1 траўня 2026 года склалі 15 млрд 266,5 млн долараў у эквіваленце, сведчаць папярэднія даныя Нацыянальнага банка.

На пачатак мінулага месяца золатавалютныя рэзервы былі на ўзроўні 15 млрд 242,1 млн долараў. Такім чынам, за красавік яны выраслі на 0,16% (+24,4 млн).

На 1 студзеня ЗВР складалі 14 млрд 423 млн долараў. Рост ад пачатку 2026 года — 843,5 млн (+5,85%).

Манетарнае золата ў структуры золатавалютных рэзерваў на 1 траўня склала 7 млрд 987,3 млн долараў (+5,9 млн за месяц; +0,07%), спецыяльныя правы запазычання — 1 млрд 416,2 млн (+14,2 млн.; +1,01%), рэзервовыя актывы ў замежнай валюце — 5 млрд 862,8 млн (+4,2 млн; +0,07%).

Рэзервовая пазіцыя ў Міжнародным валютным фондзе ды іншыя актывы засталіся ранейшымі — 0,03 млн і 0,1 млн долараў адпаведна.

На нарадзе ў сярэдзіне кастрычніка 2025 года Аляксандр Лукашэнка прапанаваў кіраўніку Нацбанка Раману Галоўчанку “патрошку пускаць у абарот” ЗВР і “дзейнічаць па-гаспадарску”.

“Тое, што валюты больш з’яўляецца, гэта добра. Але валюта мае працаваць. І трэба мець запас столькі, колькі нам трэба”, — заявіў ён.

Падзяліцца: