Мінск 11:23

Ціханоўская прыбыла на саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Ерэване, гэта яе першы візіт у Арменію

Видео в телеграм-канале Тихановской / стоп-кадр: "Позірк"

4 траўня, Позірк. Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская прыбыла на саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці (ЕПС), які праходзіць 4 траўня ў Ерэване.

Паводле інфармыцыі прэс-службы палітыка, яна возьме ўдзел у мерапрыемствах саміту “як запрошаная госця ад Беларусі”. Ціханоўская сярод іншага будзе ўдзельнічаць у канферэнцыі “Ерэванскі дыялог”, арганізаванай МЗС Арменіі.

“Гаспадаром саміту з’яўляецца Нікол Пашынян — прэм’ер-міністр Арменіі, — гаворыцца ў паведамленні. — У Ерэван таксама прыбылі Эманюэль Макрон — прэзідэнт Францыі, Урсула фон дэр Ляен — старшыня Еўрапейскай камісіі, Антоніу Кошта — старшыня Еўрапейскага савета, Кая Калас — вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі, Кір Стармер — прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі, Уладзімір Зяленскі — прэзідэнт Украіны, Джорджа Мелоні — прэм’ер-міністр Італіі і многія іншыя лідары. Упершыню ў саміце возьме ўдзел прэм’ер-міністр Канады”.

Адзначаецца, што Ціханоўская ўжо ў пяты раз прадставіць Беларусь на саміце ЕПС, але ўпершыню у Ерэване. Гэта першы візіт дэмлідара ў Арменію.

“Спадарства, я сёння ў Ерэване на саміце еўрапейскай палітычнай супольнасці разам з больш як 40 еўрапейскімі лідарамі — прэзідэнтамі, прэм’ер-міністрамі, кіраўнікамі дзяржаў, — адзначыла дэмлідар у відэакаментарыі. — І для мяне гэта вялікі гонар — прадстаўляць Беларусь і беларускі народ. Я тут, каб гаварыць пра Беларусь, пра тое, што беларусы — гэта не рэжым, што Беларусь — не Расія. І што мы — частка Еўропы”.

“Я буду ўздымаць пытанні бяспекі і незалежнасці Беларусі, падтрымкі Украіны і неабходнасці захавання еўрапейскага адзінства. Мы павінны не толькі ізаляваць рэжым, але і падтрымліваць беларускі народ. Асобна я буду гаварыць пра вызваленне палітвязняў — гэта наш галоўны прыярытэт. І пра наступныя крокі, як ўзмацніць незалежнасць Беларусі і дамагчыся адказнасці за злачынствы рэжыму”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Паводле слоў палітыка, задача заключаецца ў тым, каб “трымаць Беларусь у цэнтры міжнароднай увагі”.

Падзяліцца: