Мінск 11:27

Крымінальная справа палітолага Дзмітрыя Балкунца накіраваная ў суд

Фота: Генпракуратура

30 красавіка, Позірк. Аб перадачы ў суд крымінальнай справы палітолага Дзмітрыя Балкунца паведамляе Генеральная пракуратура.

Заяўляецца, што палітолаг у 2020–2024 гадах стварыў і апублікаваў не менш за 28 інфармацыйных матэрыялаў “пабуджальнага характару”, у якіх заклікаў да “захопу дзяржаўнай улады і гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу”, “прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі”, а таксама да “прымянення мер абмежавальнага характару (санкцый) у дачыненні да Беларусі, яе фізічных і юрыдычных асоб”.

Акрамя гэтага, Балкунец, з 2022 па 2023 год “сумесна з іншымі асобамі кіраваў “экстрэмісцкім фарміраваннем” — групай грамадзян з ліку стваральнікаў, кіраўнікоў і ўдзельнікаў ініцыятывы “Форум дэмакратычных сіл Беларусі”.

Таксама фігурант справы публікаваў на інтэрнэт-пляцоўках “матэрыялы з заведама ілжывымі і ганебнымі звесткамі” пра Аляксандра Лукашэнку.

Адметна, што раней праваабарончы цэнтр “Вясна” называў дату і месца суда. Паводле звестак праваабаронцаў, завочны працэс над палітолагам пачнецца ў 15 траўня ў Мінскім гарадскім судзе.

22 студзеня Следчы камітэт паведаміў, што ў дачыненні да 42-гадовага палітолага, актывіста і блогера Дзмітрыя Балкунца распачатая спецыяльная вытворчасць.

Яму інкрымінаваныя ч. 1 арт. 357, ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 3611, ч. ч. 1, 2 арт. 3614, ч. ч. 1, 2 арт. 367, ч. ч. 1, 2 арт. 368, арт. 369, арт. 3691 Крымінальнага кодэкса.

Балкунец уключаны ў Беларусі ў спіс асоб, “датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”. З красавіка 2025 года знаходзіцца ў базе вышуку ў Расіі.

Спецвытворчасць — гэта вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі і ўхіляецца ад яўкі ў орган, які вядзе крымінальны працэс.

Магчымая па 34 складах злачынстваў, якія пераважна адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Сярод іншага гэта акт тэрарызму, генацыд, найміцтва, здрада дзяржаве, дыверсія, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім, масавыя беспарадкі, заклікі да санкцый і інш.

Улады актыўна выкарыстоўваюць спецвытворчасць для абвінавачвання, правядзення судоў і канфіскацыі па іх рашэнні ўласнасці фігурантаў, якія знаходзяцца за мяжой.

Даведка “Позірку”:

арт. 357 Крымінальнага кодэкса — змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады;

арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый) , іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;

арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;

арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;

арт. 367 — паклёп у дачыненні да прэзідэнта;

арт. 368 — абраза прэзідэнта;

арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады;

арт. 3691 — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь.

Падзяліцца: