Мінск 10:25

Зяленскі увёў санкцыі супраць Шэймана і старэйшых сыноў Лукашэнкі

Дададзеныя абзацы 9–11, 15

Фота: Офіс прэзідэнта Украіны

30 красавіка, Позірк. Аб увядзенні новых санкцый у дачыненні да Беларусі паведаміў у відэазвароце 29 красавіка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

“Я падпісаў яшчэ адзін новы санкцыйны пакет Украіны — важкі пакет, у тым ліку ў дачыненні да суб’ектаў з Беларусі. Гэта сігнал многім нашым партнёрам аб тым, на што варта здзяйсняць ціск, каб усё ж зніжаць узровень гэтай вайны, яе інтэнсіўнасць. У Расіі няма добрай волі. Яе трэба прымушаць да тых ці іншых крокаў, неабходных для памяншэння агрэсіі, а потым хай яны ўжо называюць гэта сваімі “жэстамі добрай волі“, — сказаў Зяленскі.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што Беларусь “не павінна быць уцягнутая ў вайну“.

На сайце Зяленскага тлумачыцца, што ў новы пакет увайшло 16 грамадзян Беларусі і 11 юрыдычных асоб.

“У прыватнасці, Украіна ўжыла санкцыі да беларускіх прадпрыемстваў, якія вырабляюць артылерыйскія снарады калібраў 122 мм і 152 мм для расійскіх акупантаў. Сярод іх — “Ольса“, мінскі завод “Тэрмапласт“, кавальскі завод цяжкіх штамповак (уваходзіць у холдынг “БелаўтаМАЗ“), якія вырабляюць дэталі для снарадаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пад санкцыі патрапілі рэспубліканскае ўнітарнае вытворчае прадпрыемства “ПК 9“, якое адносіцца да папраўчай калоніі ў Горках (Магілёўская вобласць) і вырабляе, на думку Украіны, ўпакоўку для снарадаў, і ТАА “НафтаХімДыягностыка“, на якім “выпрабоўваюць боепрыпасы”.

Абмежаванні накладзеныя на Віцебскі завод электравымяральных прыбораў, які пастаўляе абсталяванне для рамонту і мадэрнізацыі расейскай бранятанкавай тэхнікі, а таксама на ААТ “Радыётэхніка“, “якое вырабляе кампаненты для вайсковай тэхнікі акупантаў“.

Акрамя таго, Украіна ўжыла санкцыі супраць “завода, які рамантуе расійскія самалёты, у прыватнасці сямейства “Ту“, “Як“ і “Іл“.

Мяркуючы з усяго, гаворка ідзе пра ўнітарнае прадпрыемства “407 Тэхнікс“ (Мінск), якое ўнесена ў спіс на сайце Зяленскага. Гэтая кампанія спецыялізуецца на тэхнічным абслугоўванні і рамонце авіяцыйнай тэхнікі.

Таксама ў спісе згаданыя адкрытае акцыянернае таварыства “Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў“ (Мінская вобласць) і таварыства з абмежаванай адказнасцю “Чып і Дып” (Мінск).

“Чып і Дып” — пастаўшчык электронных кампанентаў, вымяральных прыбораў і інструментаў. У 2024 годзе санкцыі ў дачыненні да расійскай кампаніі з ідэнтычнай назвай увяло Міністэрства фінансаў ЗША.

Сярод фізічных асоб — “блізкі паплечнік Аляксандра Лукашэнкі Віктар Шэйман, які на працягу многіх гадоў займаў высокія дзяржаўныя пасады ў Беларусі“. Паведамляецца, што ён “выконвае даручэнні самаабвешчанага прэзідэнта, вядзе міждзяржаўныя перамовы і наладжвае ценявыя дзелавыя сувязі”.

Паводле звестак украінскага боку, Шэйман “датычны да арганізацыі “эскадронаў смерці”, якія знішчалі апазіцыйных палітыкаў, актывістаў і грамадскіх дзеячаў. Ён з’яўляецца “адным з арганізатараў схем абыходу санкцый, уведзеных Украінай і дзяржавамі-партнёрамі супраць расійскіх і беларускіх кампаній”. Адзначаецца, што Шэйман знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, Еўрапейскага саюза, Вялікабрытаніі, Швайцарыі і Канады.

Таксама санкцыі ўжытыя да Віктара і Дзмітрыя Лукашэнкі — “сыноў самаабвешчанага беларускага прэзідэнта“, якія, на думку Украіны, “уцягнутыя ў экспарт прадукцыі ў абыход міжнародных санкцый, пастаўкі тавараў падвойнага прызначэння і рээкспарт праз тэрыторыю Беларусі”.

Акрамя названых грамадзян, у апублікаваным спісе ёсць начальнік генеральнага штаба — першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка, а таксама Дзмітрый Баразнаў, Максім Карпіза, Дзмітрый Кісель, Аляксандр Маркоўскі, Аляксандр Рахманаў, Максім Сырай, Аляксандр Салдаценка, Аляксей Сушкевіч, Дзмітрый Чарэй, Аляксандр Шэленгаўскі, Наталля Шкет і Станіслаў Яраховіч.

18 лютага Зяленскі паведаміў аб увядзенні Украінай санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі. Тады ён заявіў, што Украіна “актывізуе супрацьдзеянне ўсім формам садзейнічання“ Лукашэнку “забойствам украінцаў“ і будзе “працаваць з партнёрамі так, каб гэта мела глабальны эфект“.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшую ў Еўропе пасля Другой сусветнай. Рэжым Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну зімой і вясной 2022 года, а затым цягам многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Расследавальнікі неаднаразова прадстаўлялі звесткі, якія сведчаць пра тое, што многія беларускія прадпрыемствы актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: