Мінск 00:19

“Рэпарцёры без межаў” заклікалі Мінск вызваліць усіх журналістаў, якія знаходзяцца ў зняволенні

Калаж: "Позірк"

29 красавіка, Позірк. Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Рэпарцёры без межаў“ (RSF) “радая вызваленню польска-беларускага журналіста Андрэя Пачобута, якога адвольна ўзялі пад варту пяць гадоў таму”, гаворыцца ў яе заяве ад 29 красавіка.

У арганізацыі адзначылі, што “хоць яго вызваленне — выдатная навіна, яно адбылося ў рамках абмену палоннымі, што сведчыць аб працягу інструменталізацыі палітычных зняволеных рэжымам Аляксандра Лукашэнкі”.

“RSF заклікае ўлады Беларусі неадкладна і без дадатковых умоў вызваліць астатніх 21 журналіста, якія застаюцца ў зняволенні”, — гаворыцца ў заяве кіраўніка аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі RSF Жанны Кавелье.

28 красавіка на беларуска-польскай мяжы адбыўся абмен зняволенымі ў фармаце “5 на 5”.

Польскаму боку былі перададзеныя журналіст, актывіст польскай меншасці Анджэй Пачобут (атрымаў 8 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў нанясенні шкоды нацыянальнай бяспецы і распальванні варожасці), Польскі манах-кармеліт Гжэгаж Гавел (абвінавачваўся ў шпіянажы, суд на момант вызвалення не адбыўся), грамадзянін Польшчы Томаш Бяроза (14 гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачання ў шпіянажы і агентурнай дзейнасці), а таксама два грамадзяніны Малдовы, якія былі затрыманыя ў Расеі і абвінавачаныя ў шпіянажы.

Беларускі бок прыняў былога ўдзельніка беластоцкай харугвы (адзінкі) ваенізаванай арганізацыі “Паспалітае рушэнне“ Уладзіслава Надзейку (быў арыштаваны за перадачу ў Мінск інфармацыі пра тых, хто атрымаў у Польшчы прытулак), былога намесніка кіраўніка Службы інфармацыі і бяспекі Малдовы Аляксандра Балана (працаваў на беларускі КДБ), расійскага археолага Аляксандра Буцягіна (быў затрыманы ў Польшчы на запыт Украіны, якая абвінаваціла яго ў незаконных раскопках на анексаваным РФ паўвостраве Крым) і жонку расійскага вайскоўца, які служыць у Прыднястроўі (сепаратысцкі рэгіён Малдовы), Ніну Папову. Пятае прозвішча пакуль невядомае.

Паводле інфармацыі на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў, у зняволенні цяпер 22 работнікі СМІ.

Падзяліцца: