Мінск 11:32

У Польшчы пасля выхаду з месцаў няволі затрымалі 12 замежнікаў, у тым ліку беларусаў

Фота: Памежная ахова Польшчы

29 красавіка, Позірк. 12 мужчын — грамадзян Беларусі, Балгарыі, Малдовы, Непала, Руанды і Украіны — затрымалі супрацоўнікі Надвіслянскага аддзела Памежнай аховы Польшчы (адказвае за Варшаву і Мазавецкае ваяводства) у мінулыя выхадныя, 25–26 красавіка.

Паводле інфармацыі польскай памежнай службы, усе яны былі затрыманыя ў рамках праверкі замежнікаў, якія пакідаюць следчыя ізалятары і папраўчыя ўстановы.

Паведамляецца, што гэтыя людзі былі пазбаўленыя волі за здзейсненыя ў Польшчы злачынствы, у тым ліку “фінансавыя махінацыі, разбоі з крадзяжамі, згвалтаванне, скланенне непаўналетняга да ўжывання наркатычных рэчываў, прапановы сексуальнага характару на адрас непаўналетняга, кіраванне ў стане алкагольнага ці наркатычнага ап’янення, невыкананне судовых рашэнняў, кіраванне без правоў, захоўванне наркотыкаў, ужыванне гвалту і незаконных пагроз”.

Некаторыя з мужчын раней неаднаразова затрымліваліся, іншыя лічыліся ў базах даных як асобы, чыё знаходжанне на тэрыторыі Польшчы непажаданае.

У сувязі з “пагрозай бяспекі і грамадскага парадку” у дачыненні да ўсіх згаданых замежнікаў вынесеныя рашэнні, якія абавязваюць іх пакінуць Польшчу. Акрамя таго, ім забаронена ўязджаць у краіны Шэнгенскай зоны на тэрмін ад 5 да 10 гадоў.

На падставе рашэння суда большасць затрыманых была змешчаная ў ахоўныя цэнтры для замежнікаў — да моманту выканання рашэння пра дэпартацыю (за выключэннем грамадзяніна Балгарыі, якому загадана пакінуць Польшчу на працягу 5 дзён). Астатніх пад канвоем даставілі на мяжу і перадалі супрацоўнікам замежных памежных службаў.

З 20 па 26 красавіка больш за 200 замежных грамадзян пакінула тэрыторыю Польшчы на ​​патрабаванне ўладаў гэтай краіны, паведаміла напярэдадні польская Памежная ахова. Добраахвотна абавязацельства па вяртанні сярод іншых выканалі 16 грамадзян Беларусі, у прымусовым парадку з Польшчы выслана 5 беларусаў.

27 красавіка выданне MOST паведамляла, што з Польшчы дэпартавалі беларускага валанцёра, які дапамагаў украінцам. Напрыканцы кастрычніка яго затрымалі праз скончаны дазвол на жыхарства, а раней прызналі “пагрозай бяспекі і грамадскаму парадку” — за кіраванне ў нецвярозым стане.

Падзяліцца: