Мінск 21:02

У Столінскім раёне патануў мужчына — плыў на лодцы і ўпаў у раку

28 красавіка, Позірк. Аб утапленні ў рацэ Чаква ў Столінскім раёне (Брэсцкая вобласць) мясцовага жыхара 1963 года нараджэння паведаміла 28 красавіка Рэспубліканскае таварыства ратавання на водах (ТРВОД).

Гэта здарылася 25 красавіка. Адзначаецца, што мужчына перамяшчаўся на драўлянай лодцы і, як мяркуецца, за шэсць метраў ад берага ўпаў у ваду. Ён быў без выратавальнай камізэлькі.

Як паведамляў ТРВОД раней, дзяўчынка 2023 года нараджэння змешчана ў рэанімацыю пасля таго, як 25 красавіка ледзь не патанула ў сажалцы-копані ў вёсцы Утканы Воранаўскага раёна (Гродзенская вобласць).

24 красавіка паведамлялася, што ў акваторыі Сляпянскай воднай сістэмы ў Мінску знойдзена цела жанчыны (1970 г.н.).

Раней ТРВОД паведаміла, што на доўгіх выходных (18–21 красавіка) у Беларусі патанулі тры чалавекі. Усе — пенсіянеры.

Паводле інфармацыі гэтай арганізацыі, у 2025 годзе зарэгістравана 492 здарэнні на вадаёмах, у тым ліку 54 — з непаўналетнімі (у 2024-м — 586 і 75 адпаведна; -16% і -28%).

Праз утапленне загінула 278 чалавек (368; -24,5%), у тым ліку 12 непаўналетніх (22; -45,5%).

Падзяліцца: