Мінск 23:24

Ціханоўская абмеркавала з Наўседам падтрымку беларусаў у Літве

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

28 красавіка, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на сустрэчы з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам абмеркавала пытанні “падтрымкі беларусаў у Літве”, паведамляе яе прэс-служба.

Сустрэча прайшла ў Дуброўніку (Харватыя) на палях саміту Ініцыятывы трох мораў.

Акрамя становішча суайчыннікаў у балтыйскай дзяржаве, бакі разгледзелі праблематыку вызвалення палітычных зняволеных і сітуацыю вакол Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

“Была рада сустрэцца з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам. Мы абмеркавалі бягучыя падзеі ў Беларусі і Літве. Вельмі ўдзячная за нязменную і паслядоўную падтрымку беларусаў у Літве. Асабліва цаню прынцыповую пазіцыю Літвы ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі”, — адзначыла палітык.

Таксама Ціханоўская правяла ў Дуброўніку сустрэчы з міністрам замежных і еўрапейскіх спраў Харватыі Горданам Грліч-Радманам, амбасадарам па міжнародных справах Міністэрства замежных спраў Германіі Хельгай Шмід.

На 29 красавіка ў Ціханоўскай, як адзначае яе прэс-служба, запланаваныя “кароткае рукапацісканне” з прэзідэнтам Румыніі Нікушорам Данам, сустрэчы з міністрам замежных спраў Румыніі Оанай-Сільвіяй Цою і спікерам парламента Эстоніі Лауры Гусарам.

Саміт у Харватыі праходзіць 27–29 красавіка. Ціханоўская другі раз бярэ ў ім удзел. Акрамя яе, у склад беларускай дэлегацыі ўваходзяць дыпламатычны дарадца, кіраўнік аддзела міжнародных стасункаў Дзяніс Кучынскі і прадстаўнік па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька.

Выступаючы на падобным саміце ў 2025 годзе (прайшоў у Варшаве), дэмлідар падкрэсліла, што Беларусь павінна быць не ваенным плацдармам Расіі, а часткай стабільнага і бяспечнага рэгіёна.

“Я выступаю за тое, каб Беларусь вярнулася ў еўрапейскую прастору — не толькі палітычна, але і эканамічна, лагістычна, энергетычна, — сказала яна. — Ініцыятыва Трохмор’я — гэта тая платформа, дзе мы можам будаваць будучыя партнёрствы для свабоднай Беларусі”.

Дэмлідар падкрэсліла, што “ізаляцыя Беларусі, якую праводзіць рэжым” Аляксандра Лукашэнкі, супярэчыць інтарэсам народа і “адрывае краіну ад супрацоўніцтва” з суседнімі дзяржавамі.

Членамі Ініцыятывы трох мораў (Трохмор’е, Балта-Адрыята-Чарнаморская ініцыятыва) — рэгіянальнага форуму шматбаковага супрацоўніцтва — з’яўляюцца Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя, Грэцыя, Латвія, Літва, Польшча, Румынія, Славакія, Славенія, Харватыя, Чэхія і Эстонія; статус партнёра маюць Албанія, Малдова, Чарнагорыя і Украіна, стратэгічнага партнёра — Іспанія і Турцыя.

Падзяліцца: