Мінск 23:40

Жыхар Слуцкага раёна прыгавораны да 5 гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула аб “выкраданні чалавека”

Відэа: УУС Мінскага аблвыканкама Стоп-кадр: "Позірк"

28 красавіка, Позірк. Да пяці гадоў прыгавораны жыхар Слуцкага раёна (Мінская вобласць), прызнаны вінаватым паводле ч. 1 арт. 182 Крымінальнага кодэкса (выкраданне чалавека), паведамляе Генеральная пракуратура.

Адзначаецца, што 25 снежня 2025 года мужчына, які знаходзіўся ў стане наркатычнага ап’янення, перамяшчаўся на аўтамабілі “Опель” па адным з населеных пунктаў раёна. Убачыўшы дзяўчыну, якая ішла па ўзбочыне, “выйшаў з машыны і перагарадзіў ёй шлях”, гаворыцца ў паведамленні. Фігурант з выкарыстаннем фізічнай сілы перамясціў ахвяру на пярэдняе пасажырскае сядзенне.

Мужчына, як сцвярджаецца, утрымліваў дзяўчыну ў аўтамабілі супраць яе волі і перамяшчаўся па тэрыторыі раёна і горада Слуцка.

Ахвяры ўдалося пакінуць салон “Опеля” толькі пасля таго, як кіроўца знізіў хуткасць руху, убачыўшы аўтамабіль супрацоўнікаў ДАІ, якія “падавалі сігнал аб спыненні”.

Пра выкраданне чалавека ў Слуцкім раёне паведаміла 31 снежня 2025 года УУС Мінскага аблвыканкама.

Адзначалася, што ў міліцыю звярнуўся мясцовы жыхар і паведаміў, што “яго 18-гадовую знаёмую невядомы мужчына сілай пасадзіў у аўтамабіль і звёз”. Пасля паведамлення “на месца здарэння неадкладна выехалі супрацоўнікі мясцовага РАУС”.

“Нарад міліцыі паблізу аграгарадка Лучнікі выявіў падобны па апісанні “Опель” і падаў сігнал аб спыненні. Кіроўца яго праігнараваў і працягнуў рух. Пачалася пагоня”, — гаварылася ў паведамленні.

Далей, паводле версіі міліцыі, “калі падазраваны запаволіўся, выкрадзенай удалося вырвацца”. “Яе пасадзілі ў службовае аўто і працягнулі пераслед”, — адзначала УУС.

Паведамлялася, што “кіроўца не падпарадкоўваўся неаднаразовым законным патрабаванням міліцыянераў аб спыненні, ствараў падчас руху рэальную пагрозу жыццю і здароўю грамадзян”, таму “было прынята рашэнне выкарыстаць зброю”.

“За стырном апынуўся 32-гадовы раней неаднаразова судзімы мясцовы жыхар, які паводзіў сябе неадэкватна (папярэдне, пад уздзеяннем псіхаактыўных рэчываў). Ён затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання, біялагічныя ўзоры накіраваны на экспертызу”, — адзначалася ў рэлізе.

Падзяліцца: