Мінск 13:35

Ад пачатку года з Беларусі ў Бранскую вобласць РФ спрабавалі правезці больш за 10 т мясамалочнай прадукцыі ў абыход пунктаў веткантролю

Фота: Рассельгаснагляд

22 красавіка, Позірк. Ад пачатку 2026 года паблізу мяжы было спынена 20 транспартных сродкаў, якія ехалі з Беларусі ў Расію, абыходзячы пункты ветэрынарнага кантролю, паведамляе ўпраўленне Федэральнай службы па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд) па Бранскай, Смаленскай і Калужскай абласцях РФ.

Паводле інфармацыі тэрытарыяльнага падраздзялення ведамства, у гэтым транспарце расійскія і беларускія грамадзяне перавозілі мясную і малочную прадукцыю агульнай вагой больш за 10,5 тоны. Маркіроўка паказвала на тое, што прадукцыя вырабленая прадпрыемствамі Беларусі.

Паведамляецца, што ў асноўным тавары набываліся ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях і прызначаліся для продажу ў Бранскай вобласці, у тым ліку на тэрыторыі Клінцоўскага раёна і горада Навазыбкаў.

Рассельгаснагляд заявіў, што груз транспартаваўся без суправаджальных ветэрынарных дакументаў, якія сведчаць пра якасць і бяспеку прадукцыі. Пры гэтым тавары перавозілі ў “прыстасаваных транспартных сродках”, спакаваныя ў “былую ва выкарыстанні тару”, у “нездавальняльных санітарных умовах”, “без захавання тэмпературных рэжымаў”.

Ведамства папярэдзіла, што “ўжыванне такой прадукцыі ў ежу прадстаўляе рэальную пагрозу жыццю і здароўю людзей”.

Адзначаецца, што 1,5 з 10,5 т прадукцыі знішчана, астатняе — вернута “на сумежную тэрыторыю”, а “вінаватыя асобы прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці”.

Раней Рассельгаснагляд паведамляў, што ў Бранскай вобласці за 2025 год прадухілены нелегальны ўвоз з тэрыторыі Беларусі амаль 30 т мясамалочнай прадукцыі.

Падзяліцца: