За 30 гадоў “Вясна” стала беларускай легендай, праваабаронцы дапамаглі мноству людзей — Ціханоўская

22 красавіка, Позірк. За трыццаць гадоў “Вясна” стала беларускай легендай, яе члены “дапамаглі дзясяткам, а мо ўжо і сотням тысяч людзей”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 21 красавіка ў варшаўскім Музеі вольнай Беларусі на святкаванні 30-годдзя вядомага праваабарончага цэнтра.
“Мне здаецца, кожны і кожная беларуска, трапіўшы ў бяду — праз свае погляды, праз пераслед — ведае, што самае першае, што трэба зрабіць, — гэта напісаць “Вясне”. І абавязкова атрымаеш падтрымку і дапамогу, — сказала яна. — Слова “Вясна” стала сінонімам усяго беларускага праваабарончага руху. Ужо колькі разоў, колькі гадоў рэжым спрабуе знішчыць “Вясну”, загнаць у падполле, саджае лідараў — а “Вясна”, як птушка Фенікс, заўжды адраджаецца і працягвае працу. Яны і гэтым разам спадзяваліся, што, зняволіўшы лідараў “Вясны”, змогуць знішчыць саму сістэму салідарнасці і дапамогі. У іх нічога не атрымалася. І не атрымаецца”.
Звяртаючыся да кіраўніка “Вясны”, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага і яго намесніка, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянціна Стэфановіча, Ціханоўская запэўніла, што ўсе мінулыя гады за іх вызваленне змагаліся, іх чакалі на волі.
“Вы і ўявіць сабе не можаце, на якіх толькі пляцоўках ні гучалі вашы імёны, колькі разоў мы вас згадвалі. Цяжка ўявіць, праз якое пекла вам давялося прайсці. Але зняволенне вас не зламала, і я радая, што вы ў добрым настроі, вяртаецеся да жыцця і ўключаецеся ў працу. Бо нашая справа яшчэ не скончана. І місія “Вясны” яшчэ не выканана. Наперадзе яшчэ доўгі шлях, і мы працягнем яго праходзіць разам”, — падкрэсліла палітык.
Дэмлідар адзначыла, што Беларусь трэба “вярнуць да нармальнасці” — сітуацыі, калі “правы чалавека шануюць, улада мяняецца праз свабодныя выбары, і кожны адчувае сябе свабодным чалавекам на сваёй зямлі”.
Ціханоўская ўручыла Бяляцкаму Крыж Свабоды — ўзнагароду, якой Аб’яднаны пераходны кабінет уганароўвае ўпершыню.
“У гэты знакавы дзень я хацела б ушанаваць вас і ўсіх вясноўцаў. Тое, што вы зрабілі і працягваеце рабіць для Беларусі, — гэта сапраўды фенаменальна. Я разумею, што цяжка перабіць нечым Нобелеўскую прэмію, але гэта — узнагарода для вас ад беларусаў. Змаганне за беларушчыну, за правы чалавека — гэта той крыж, які вы несяце ўсё жыццё. То мы падумалі: каб вам не было мала, вось вам яшчэ адзін крыж. На шчасце, ён нашмат лягчэйшы за першы”, — сказала Ціханоўская.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” заснаваны 26 красавіка 1996 года.
Для людзей, якія зазналі палітычны пераслед у Беларусі, працуе гарачая лінія арганізацыі. Юрыдычная служба кансультуе адносна палітычна матываванага адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу, дапамагае рыхтаваць скаргі, заявы і звароты ў беларускія і міжнародныя інстанцыі. Інфармацыйны аддзел збірае, правярае і распаўсюджвае інфармацыю пра парушэнні правоў чалавека ў краіне.
Разам з іншымі беларускімі праваабарончымі арганізацыямі “Вясна” ініцыюе і ўдзельнічае ў працэсе прызнання палітвязнямі людзей, пазбаўленых волі з палітычных матываў.
У складзе Міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці арганізацыя дакументуе выпадкі катаванняў, жорсткага абыходжання ды інш.
“Вясна” ёсць членам FIDH, Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), Еўрапейскай платформы за дэмакратычныя выбары (EPDE), платформы “Грамадзянская салідарнасць” (Civic Solidarity Platform), Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання.
27 студзеня 2022 года на падставе судовага рашэння ў Беларусі уся інфармацыйная прадукцыя “Вясны” была прызнаная “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. 23 жніўня 2023-га Міністэрства ўнутраных спраў абвясціла арганізацыю “экстрэмісцкім фарміраваннем”.
Бяляцкі, Стэфановіч і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч былі затрыманыя беларускімі ўладамі 14 ліпеня 2021 года. 3 сакавіка 2023 года ў рамках палітычна матываванай справы аб “кантрабандзе грошай” і “фінансаванні парушэння грамадскага парадку” яны былі прыгавораныя да 10, 9 і 7 гадоў зняволення адпаведна.
Праваабаронцы разам з групамі іншых палітвязняў былі вызваленыя ў выніку перагавораў прадстаўнікоў адміністрацыі прэзідэнта ЗША з Аляксандрам Лукашэнкам. Бяляцкі і Лабковіч — 13 снежня 2025 года (першы быў вывезены ў Літву, другі — ва Украіну, адкуль пасля выехаў у Еўрасаюз), Стэфановіч — 19 сакавіка 2026 года (вывезены ў Літву).
7 кастрычніка 2022 года Нобелеўскі камітэт уганараваў прэміяй міру праваабаронцаў з Беларусі, Украіны і Расіі. Яна была прысуджаная Бяляцкаму, які на той момант знаходзіўся ў зняволенні, украінскаму Цэнтру грамадзянскіх свабод і расійскаму праваабарончаму цэнтру “Мемарыял”.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" будзе працаваць у Вільнюсе і Варшаве, заяўляе яго кіраўнік Бяляцкі
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- АнонсыАнонсы падзей на 22 красавіка — 6 ліпеня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаАд пачатку года краіны ЕС зафіксавалі 2,2 тыс. спробаў нелегальнага пераходу мяжы з Беларусі, дзве траціны прыпалі на ЛатвіюМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ГрамадстваЗа пяць гадоў колькасць асуджаных за нарказлачынствы павялічылася на 12,5%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства


