Мінск 20:40

Латушка ў ПАСЕ заклікаў звярнуць увагу Інтэрпола на злоўжыванні механізмамі арганізацыі з боку рэжыму Лукашэнкі

Ілюстрацыя на старонцы Інтэрпола ў "Фэйсбуку"

21 красавіка, Позірк. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі выкарыстоўвае Інтэрпол у палітычных мэтах, заявіў член дэлегацыі Каардынацыйнай рады (КР) у Парламенцкай асамблее Савета Еўропы (ПАСЕ) Павел Латушка 21 красавіка падчас пасяджэння Камітэта па юрыдычных пытаннях і правах чалавека ПАСЕ.

Палітык, які таксама займае пасады намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) і ўзначальвае Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ), выступіў з дадатковым словам у рамках разгляду пункту парадку дня пра супрацьдзеянне транснацыянальным рэпрэсіям, паведаміла прэс-служба АПК.

Паводле слоў Латушкі, тое, якім чынам Мінск выкарыстоўвае Міжнародную арганізацыю крымінальнай паліцыі, — “гэта не проста злоўжыванне з боку рэжыму”. “Механізмы Інтэрпола фактычна становяцца інструментам пераследу і пагрозай бяспецы для тысяч беларусаў, якія пакінулі краіну ў выніку палітыкі маштабных палітычных рэпрэсій”, — канстатаваў ён.

Прамоўца заклікаў дзяржавы — члены ПАСЕ, якія ў той жа час з’яўляюцца членамі паліцэйскай арганізацыі, “правяраць запыты з Беларусі па крымінальных справах на прадмет магчымай палітычнай матывацыі”, а таксама “звярнуць увагу генеральнага сакратарыята Інтэрпола на неаднаразовыя злоўжыванні механізмамі арганізацыі з боку рэжыму Лукашэнкі”. Палітык нагадаў пра магчымасць “прымянення пункта 4 артыкула 123 Правілаў Інтэрпола па апрацоўцы даных для прыпынення доступу рэжыму Лукашэнкі да інфармацыйнай сістэмы арганізацыі”.

Згодна з інфармацыяй АПК, дакладчык ПАСЕ па пытанні транснацыянальных рэпрэсій “падтрымаў пазіцыю” члена дэлегацыі КР, адзначыўшы, што “менавіта Беларусь з’яўляецца яскравым прыкладам краіны, дзе сістэма апавяшчэнняў Інтэрпола выкарыстоўваецца для палітычнага пераследу дысідэнтаў за мяжой”.

Адзначаецца, што каманды НАУ і Офіса Святланы Ціханоўскай “будуць узаемадзейнічаць па тэматыцы супрацьдзеяння намаганням рэжыму па выкарыстанні Інтэрпола як інструмента палітычнага пераследу <…> нязгодных з палітыкай, якую праводзіць рэжым Лукашэнкі”.

У 2025 годзе Беларусь накіравала 289 запытаў на выдачу суайчыннікаў для прыцягнення да крымінальнай адказнасці

19 лютага, Позірк. У 2025 годзе Беларусь накіравала ў іншыя краіны 289 запытаў на выдачу суайчыннікаў для прыцягнення іх да крымінальнай адказнасці, паведаміў намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук на прэс-канферэнцыі 19 лютага. Паводле яго слоў, атрыманы 41 запыт аб выдачы злачынцаў, якія …
Падзяліцца: