Мінск 19:17

У Маладзечанскім раёне легкавы аўтамабіль урэзаўся ў мотаблок — двое загінулых

Відэа: прэс-служба СК / стоп-кадр: "Позірк"

21 красавіка, Позірк. Смяротная аварыя адбылася 21 красавіка каля 13:00 у Маладзечанскім раёне (Мінская вобласць), паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле інфармацыі ведамства, на дарозе Р-56 (Маладзечна — Валожын) непадалёк ад аграгарадка Палачаны легкавы аўтамабіль “Таёта”, якім кіраваў 61-гадовы мужчына, выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з мотаблокам.

У выніку дарожна-транспартнага здарэння загінуў 78-гадовы кіроўца малагабарытнага трактара і яго 79-гадовая пасажырка.

Следчы камітэт удакладніў, што кіроўца “Таёты” выехаў на сустрэчную паласу, не даўшы рады кіраванню. Як мяркуецца, у дарозе “яму зрабілася блага”.

Следчы разам са спецыялістамі абласнога ўпраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз і супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі аглядае месца здарэння. Праводзіцца апытанне сведкаў, прызначаны шэраг экспертных даследаванняў.

Маладзечанскі раённы аддзел СК распачаў крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што прывяло з неасцярожнасці да смерці дзвюх асоб).

Падзяліцца: