Мінск 11:00

Лукашэнка прапанаваў тыражаваць досвед рыбгаса “Палуж”

14 красавіка, Позірк. Падчас наведвання рыбгаса “Палуж” у Краснапольскім раёне (Магілёўская вобласць) 14 красавіка Аляксандр Лукашэнка прапанаваў “тыражаваць досвед падобных прадпрыемстваў, якія станоўчым чынам адбіваюцца на развіцці раёна”.

Паводле слоў прамоўцы, якія прыводзіць яго прэс-служба, “добры праект — такіх жа нямала можна зрабіць“.

“Можа, адна з ідэй — нічога не выдумляць, а пабудаваць на паўднёвым усходзе не адну такую рыбаводчую гаспадарку? — прапанаваў Лукашэнка. — З улікам таго, што мы ведаем, шышкі набілі на гэтай будоўлі, мы ведаем, як будаваць. Бульбашы, бульбу ямо. Але да бульбы трэба рыба. Не толькі мяса і малако“.

У рыбгасе “Палуж” выкарыстоўваецца тэхналогія вырошчвання карпа ў спецыяльных садках. Метад заснаваны на ўтрыманні рыбы ў спецыяльных сетных камерах, устаноўленых у вадаёмах з пастаянным цягам ці высокай праточнай. Гэта дазваляе забяспечыць высокую шчыльнасць рыбы і выкарыстанне інтэнсіўнага кармлення камбікармамі.

Вытворчасцю рыбы ў Беларусі займаюцца 16 рыбаводных арганізацый і больш за 500 суб’ектаў гаспадарання розных формаў уласнасці. Больш за 80% рыбных рэсурсаў у краіне вырабляецца рыбаводнымі арганізацыямі.

Як перадае прэс-служба Лукашэнкі, вытворчасць рыбных рэсурсаў у 2025 годзе склала 14,4 тыс. т, у тым ліку сажалкавай рыбы — 12,9 тыс. т, каштоўных відаў рыб — 0,6 тыс. т, азёрна-рачной рыбы — 0,9 тыс. т.

Прамысловы ўлоў рыбы ў вадаёмах за апошнія 13 гадоў знізіўся на 46,6%, або ў 1,9 раза (з 17.761,6 тоны ў 2012-м да 9.478,7 т у 2025-м), сведчыць праведзены Позіркам аналіз звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

З рэгіёнаў краіны рост зафіксаваны толькі ў Магілёўскай вобласці — на 14% (з 811,4 да 924,6 т).

У астатніх рэгіёнах дынаміка адмоўная: у Берасцейскай вобласці — зніжэнне ў 2,2 раза (з 6.982,3 да 3.158,8 т), Мінскай — у 1,5 раза (з 5.564,9 да 3.613,3 т), Віцебскай — на 32,9% (з 1.246,1 да 836,3 т), Гомельскай — на 21,6% (з 869 да 681,4 т), Гродзенскай — на 8,2% (з 287,9 да 264,3 т).

Паводле звестак Белстата, промысел у натуральных і штучных вадаёмах за названы перыяд стаў меншы ў 1,9 раза (з 964 да 503,4 т і з 16.797,6 да 8.975,3 т адпаведна).

На фоне больш чым дзесяціразовага (у 11,5 раза) росту вылаву ласосевых (з 45 да 519,7 т) адзначана істотнае скарачэнне традыцыйных для Беларусі відаў: амура — у 5 разоў (з 1.010,1 да 203,3 т), таўсталобіка — у 2,3 раза (з 1.774,9 да 779,8 т), карпа і сомавых — у 1,9 раза 44,1% (з 11.765,5 да 6.331,1 т і з 40,1 да 20,8 т адпаведна), а таксама асятровых — на 13,4% (з 48,5 да 42 т).

Падзяліцца: