Мінск 17:16

На кіраўніцтва аднаго з таксапаркаў заведзеная крымінальная справа за нявыплату падаткаў — МУС

Ілюстрацыя: sb.by

23 сакавіка, Позірк. За нявыплату падаткаў распачатая крымінальная справа ў дачыненні да кіраўніцтва аднаго са сталічных таксапаркаў, дзе працуе 800 кіроўцаў, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле звестак следства, дырэктар, ён жа ўладальнік фірмы-перавозчыка, а таксама ягоны памочнік у 2024-2025 гадах ухіляліся ад выплаты падаткаў шляхам выдачы кіроўцам заробку “ў канвертах“ пад выглядам кампенсацыі за транспартныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца, і выдаткаў на “гаспадарчыя патрэбы“. Падаткаабкладаемая база “прыніжалася фіктыўным павелічэннем выдаткаў на запраўку аўтамабіляў палівам”.

Сцвярджаецца, што арганізатарам схемы садзейнічалі чацвёра менеджараў і галоўны бухгалтар арганізацыі.

Агульная сума нявыплачаных падаткаў склала каля 800 тыс. рублёў. Абнаяўлены “звышпрыбытак траціўся на куплю нерухомасці”. На маёмасць фігурантаў, “набытую за злачынныя даходы”, накладзены арышт.

Аб узбуджэнні 16 крымінальных спраў у дачыненні да пяці кіраўнікоў і іншых службовых асоб кампаній, якія займаюцца перавозкамі на таксі ў Мінску і Мінскай вобласці, паведаміў 30 студзеня Камітэт дзяржкантролю.

“Выкрытая маштабная супрацьпраўная схема ў сферы пасажырскіх перавозак, звязаная з выплатай заработнай платы “ў канвертах“ арганізацыямі-таксі, — гаварылася ў прэс-рэлізе. — Спыненая супрацьпраўная дзейнасць у выплаце “шэрых” заробкаў у 16 сталічных кампаніях-таксі. Грошы “ў канвертах” атрымлівалі больш за 4 тыс. кіроўцаў”.

Падзяліцца: