Мінск 22:17

BySol пачаў экстраны збор для вызваленых палітвязняў

Ілюстрацыя: старонка BySol у "Фэйсбуку"

19 сакавіка, Позірк. Экстранны збор дапамогі для ўсіх палітвязняў, якія будуць вызваленыя 19 сакавіка, пачаў фонд салідарнасці BySol.

Мэта — выплаціць мінімум па тысячы еўра кожнаму чалавеку.

“Гэтыя грошы дапамогуць перажыць першыя тыдні пасля вызвалення: знайсці часовае жыллё, купіць адзенне і лекі, аднавіць дакументы. Збор будзе актыўны да 31 сакавіка 2026 года, пасля чаго мы пачнём выплаты”, — адзначаецца ў рэлізе.

BySol адзначыў, што, калі атрымаецца сабраць больш, фонд зможа “падтрымаць людзей мацней — пакрыць дадатковыя выдаткі, лячэнне і аднаўленне дакументаў”. Усе сродкі, сабраныя звыш названай сумы, будуць падзеленыя паміж вызваленымі пароўну, сказана ў апісанні збору.

На дадзены момант сабрана больш за 25 тыс. еўра.

13 снежня пасля перамоваў у Мінску спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі было вызвалена і вывезена з краіны 123 палітвязняў. Большасць з іх была вывезена ва Украіну (114).

BySol абвясціў збор для вывезеных палітвязняў на суму 123 тыс. еўра, аднак атрымалася сабраць 260.138 еўра.

19 сакавіка Коўл зноў сустрэўся з Лукашэнкам, сярод іншага абмяркоўвалася тэма палітвязняў.

Некалькімі гадзінамі раней праваабарончы цэнтр “Вясна“ паведаміў, што “як мінімум з двух беларускіх калоній учора вывезлі частку палітвязняў”. Гаворка пра магілёўскую ПК № 15 і наваполацкую ПК № 1 (Віцебская вобласць).

Падрабязная інфармацыя не прыводзіцца.

Таксама ў тэлеграм-канале дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай апублікаваная інфармацыя аб “гарачай лініі“ для сваякоў вызваленых палітвязняў.

Ціханоўская ў размешчаным там жа відэазапісы заклікае “не спекуляваць“ на тэме і дачакацца “афіцыйнай інфармацыі“.

Падзяліцца: