Мінск 13:10

Ціханоўская спадзяецца на візіт у Кіеў напрыканцы лютага — на пачатку сакавіка

Архіўнае фота: "Позірк"

10 лютага, Позірк. Дата візіту беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай у Кіеў цяпер абмяркоўваецца з украінскім бокам, вынікае з заявы палітыка ў інтэрв’ю “РБК-Украіна”, апублікаваным 10 лютага.

“Спадзяюся, што гэта будзе ў лютым ці сакавіку. Магчыма, напрыканцы лютага — на пачатку сакавіка”, — заявіла яна.

Паводле слоў Ціханоўскай, яе сустрэча з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім 25 студзеня ў Вільнюсе паказала, што “Украіна вельмі дакладна адрознівае рэжым Лукашэнкі і беларускі народ”.

“Я лічу, што гэта з’яўляецца асновай новай палітыкі Украіны ў дачыненні да Беларусі, — адзначыла дэмлідар. — Наша сустрэча была вельмі моцным і дакладным сігналам, і я думаю, што гэты сігнал быў пачуты і ў Беларусі. І мы павінны разумець, што лёсы Беларусі і Украіны глыбока звязаныя між сабою. Мы зыходзім з прынцыпу, што не будзе свабоднай Беларусі без свабоднай Украіны, гэтак жа як і не будзе свабоднай Беларусі без свабоднай Украіны. Пакуль Беларусь застаецца пад кантролем Лукашэнкі, яна заўсёды будзе несці пагрозу для Украіны і для ўсяго рэгіёна”.

Ціханоўская не лічыць, што праз адсутнасць такіх сустрэч раней былі ўпушчаныя нейкія магчымасці: “Хоць для нас заўсёды было вельмі важна чуць голас Украіны, я заўсёды казала, што мы не мусім пагаршаць сітуацыю. З майго боку, я не “пушыла” (не праціскала. — “Позірк”.) ніякіх сустрэч альбо афіцыйных стасункаў, бо Украіна была засяроджаная на вайне, і нашай задачай было высветліць, як мы можам дапамагчы Украіне на працягу гэтага часу”.

На вільнюскай сустрэчы з Зяленскім, паводле слоў беларускага дэмлідара, абмяркоўвалася, што можна “зрабіць разам”.

“Мы чакаем, што ў найбліжэйшы час Кіеў прызначыць спецыяльнага пасланніка па Беларусі, які будзе працаваць з дэмакратычнымі сіламі, — сказала яна. — Існуе шмат пытанняў, якія трэба вырашыць адносна беларускага народа: гуманітарныя пытанні, статус ветэранаў, ваеннапалонных і беларускай дыяспары. Таксама важна мець агульную інфармацыйную палітыку, палітыку санкцый”.

“І для мяне вельмі важна было пачуць, што мы, беларусы, яшчэ мы можам зрабіць для Украіны. Бо мы не маем дзяржавы, і мы, народ, таксама цяпер знаходзімся ў цяжкім становішчы, бо Лукашэнка зараз у Беларусі. Мы хочам паказаць, што мы не маем мільёнаў, не можам даць зброю, але [можам прадэманстраваць,] як салідарнасць можа працаваць зараз”, — дадала палітык.

Ціханоўская спадзяецца, што вынікам яе візіту ў Кіеў стане “пачатак стратэгічных кансультацый паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і Украінай”, бо “сітуацыя ў рэгіёне будзе мяняцца”. “У інтарэсах Украіны, каб Беларусь была свабоднай, дэмакратычнай дзяржавай без Лукашэнкі і Пуціна”, — падкрэсліла яна.

На пытанне, ці абмяркоўваліся з Зяленскім “перспектывы міжнароднага крымінальнага пераследу Лукашэнкі за <…> злачынствы <…> супраць свайго народа і супраць народа Украіны”, Ціханоўская адказала, што цяпер у Міжнародным крымінальным судзе “разглядаюцца дзве справы супраць Лукашэнкі”.

“Першае — за злачынствы супраць чалавечнасці, а таксама за саўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. І я лічу, што Лукашэнка і яго саўдзельнікі маюць быць прыцягнутыя да адказнасці як за гэтыя злачынствы супраць беларускага народа, так і за ваенныя злачынствы. І я спадзяюся, што пры падтрымцы Украіны мы зможам прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці. Мы маем усе доказы саўдзелу Лукашэнкі ў гэтых справах і ўжо перадаем іх украінскаму боку”, — заявіла палітык.

Спецпрадстаўніком па Беларусі Зяленскі хоча прызначыць "моцнага чалавека"

30 студзеня, Позірк. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пакуль не прызначыў спецпрадстаўніка па Беларусі, але збіраецца гэта зрабіць. "Я ўпаўнаважанага не прызначыў па Беларусі. Хачу прызначыць. Хачу сустрэцца з некалькімі дыпламатамі. Хачу моцнага чалавека на ўпаўнаважанага па Беларусі. Лічу, што гэта …

Існуе рэальная пагроза далейшага ўцягвання Беларусі ў вайну — Зяленскі

7 лютага, Позірк. Цяпер існуе рэальная пагроза далейшага ўцягвання Беларусі ў вайну. Пра гэта, паводле інфармацыі ўкраінскага партала "Главком", заявіў прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі на закрытай сустрэчы з журналістамі. Дата сустрэчы не называецца, матэрыял апублікаваны 7 лютага. Паводле інфармацыі медыя, …
Падзяліцца: