Мінск 12:05

У жыхара Пухавіцкага раёна выяўлена тры пісталеты, граната, слоік з порахам, стрэльба і больш за 400 патронаў

27 студзеня, Позірк. Арсенал зброі і боепрыпасаў канфіскаваны ў 50-гадовага жыхара Пухавіцкага раёна (Мінская вобласць), паведаміў начальнік рэгіянальнага аддзела ГУБАЗіК МУС Алег Бабровіч (відэазапіс з ім апублікавала прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў).

“У жыллі мужчыны выяўлена: тры пісталеты неўстаноўленага ўзору, граната РГД-5 савецкіх часоў, тры дымавыя шашкі, слоік з порахам, аднаствольная стрэльба і абрэз двуствольнай, звыш 400 патронаў, больш за 20 капсуляў-дэтанатараў, а таксама складовыя часткі для рознай зброі”, — сказаў прадстаўнік ведамства.

Адзначаецца, што грамадзянін быў неаднаразова судзімы за хуліганства і крадзеж.

Прызначаныя экспертныя даследаванні, высвятляюцца крыніцы набыцця незарэгістраванай зброі і боепрыпасаў.

10 кастрычніка 2025 года МУС паведаміла аб канфіскацыі 15 пнеўматычных вінтовак і шасці пісталетаў у 47-гадовага жыхара Мядзельскага раёна (Мінская вобласць).

6 кастрычніка таго ж года ведамства адсправаздачылася, што за захоўванне і збыт зброі затрыманыя двое пажылых жыхароў Магілёўскай вобласці. Падчас ператрусаў у фігурантаў было выяўлена і канфіскавана шэсць пісталетаў, рэвальвер, пісталет-кулямёт, ручная аскепкавая граната, тратылавая шашка, складовыя часткі зброі, больш за 800 боепрыпасаў.

За незаконныя дзеянні з агнястрэльнай зброяй, боепрыпасамі і выбуховымі рэчывамі пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Разам з тым, асобы, якія добраахвотна здалі зброю і боепрыпасы, што захоўваліся незаконна, вызваляюцца ад крымінальнай адказнасці.

Падзяліцца: