Мінск сігналізуе пра магчымасць вымяняць ва Украіны падазраваную ў шпіянажы журналістку Кардаш — СМІ

4 траўня, Позірк. Мінск прапануе “ўключыць у абмен” беларускую журналістку Іну Кардаш, што працавала ва ўкраінскіх СМІ, якой Служба бяспекі Украіны (СБУ) абвясціла пра падазрэнне ў шпіянажы, паведамляе агенцтва “Укрінформ” са спасылкай на кіраўніка сакратарыята Каардынацыйнага штаба па абыходжанні з ваеннапалоннымі Багдана Ахрыменку.
“Такі сігнал быў, але, акрамя размоў, пакуль нічога няма. Мы адкрытыя да прапаноў, — адзначыў ён. — Нам нецікава трымаць у сябе замежных злачынцаў, марнаваць на іх бюджэтныя сродкі ў той час, калі нашы незаконна асуджаныя грамадзяне знаходзяцца за кратамі ў нечалавечых умовах. Калі камунікацыя будзе мець практычныя прапановы, мы будзем іх разглядаць”.
На пытанне, як яна трапіла на працу ў штаб, Ахрыменка адказаў, што “СБУ і Галоўнае ўпраўленне выведкі атрымалі інфармацыю пра яе дзейнасць і пачалі аператыўную гульню”.
“Яна думала, што працуе ў Каардштабе. Для яе было арганізаванае псеўдапрацоўнае месца, у яе не было доступу да памяшканняў Каардынацыйнага штаба, яна знаходзілася ў іншым месцы. Само памяшканне было падрыхтаванае для фіксацыі ўсяго, што там адбывалася, а матэрыялы, якія ёй давалі, не ўтрымлівалі ніякай праўдзівай інфармацыі. Калі супрацоўнікі СБУ, прыцягнутыя да яе суправаджэння, усё зафіксавалі, было арганізавана яе затрыманне, і цяпер яна знаходзіцца пад следствам”, — заявіў суразмоўца агенцтва.
16 лютага Кіеўскі апеляцыйны суд адхіліў скаргу на арышт Кардаш, затрыманай 20 студзеня паводле падазрэння ў шпіянажы на карысць КДБ Беларусі.
Адвакат Кардаш заявіла ў судзе, што тыя дакументы, з якімі яна азнаёмілася, не даказваюць вінаватасці Кардаш ў шпіянажы.
Паводле слоў пракурора, падазрэнне ў дачыненні да Кардаш пацвярджаецца запісамі праслухоўвання, а таксама экспертызай, якая пацвердзіла, што жанчына “перасылала куратарам таемныя дакументы”.
Дзяржабвінаваўца тады паведаміў, што “робяцца захады па яе абмене з беларускім бокам”.
Кардаш працавала ва Украіне журналісткай з 2019 года — спачатку на тэлеканале 112, а пасля у інфармагенцтве “Інтэрфакс Украіна”. Паводле версіі следства, з таго ж года яна ўвесь час кантактавала з грамадзянінам Беларусі, які “ажыццяўляў канфідэнцыйную супрацу з беларускімі спецслужбамі”.
У верасні 2025 года яна з’ехала ў Беларусь, дзе яе, паводле звестак следства, завербаваў КДБ. Пасля жанчына падпісала кантракт з Галоўным упраўленнем выведкі Мінабароны Украіны і ўладкавалася ў Каардынацыйны штаб па абыходжанні з ваеннапалоннымі. Там, паводле матэрыялаў справы, яна фатаграфавала сакрэтныя дакументы і перасылала куратару ў КДБ.
29 студзеня паведамлялася, што Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева абраў меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай без права ўнясення закладу падазраванай у шпіянажы беларусцы, якая “доўгі час працавала журналісткай у Кіеве і спрабавала трапіць ў адно з падраздзяленняў Галоўнага ўпраўлення выведкі (ГУВ) Міністэрства абароны”.
Пра тое, што Служба бяспекі Украіны і Служба ўласнай бяспекі ГУВ прадухілілі “пранікненне агента беларускага КДБ у падраздзяленне Сіл абароны” СБУ паведаміла 27 студзеня.
Заяўлялася, што ў выніку “шматэтапнай спецаперацыі” ў Кіеве затрыманая 35-гадовая грамадзянка Беларусі — “глыбока заканспіраваная шпіёнка, якая працавала на КДБ РБ з 2015 года”.
Служба бяспекі Украіны заявіла, што “дзякуючы своечасоваму выкрыццю шпіёнкі” супрацоўнікі СБУ і ГУВ “пачалі з беларускай агенткай доўгатэрміновую аператыўную гульню, якая дазволіла не толькі дакументаваць кожны яе крок, але і праз яе рэгулярна дэзінфармаваць беларускую спецслужбу”.
“Сабраўшы поўную доказную базу на шпіёнку, СБУ ва ўзаемадзеянні з ГУВ затрымала яе ля месца пражывання. У фігуранткі канфіскаваны смартфон і дыктафон, на якія яна фіксавала закрытую інфармацыю. <…> Следчыя СБУ паведамілі ёй пра падазрэнне паводле ч. 1 арт. 114 Крымінальнага кодэкса Украіны. Гэта шпіянаж. Зламысніца знаходзіцца пад вартай, ёй пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці”, — гаварылася ў відэаматэрыяле.

- ГрамадстваПершы тэмпературны рэкорд траўня зафіксаваны ў раёне возера НарачМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, ЭканомікаУ 2025 годзе за парушэнні было канфіскавана 243 аўтамабіляў таксі — Транспартная інспекцыяМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- ЭканомікаЗапаволенне інфляцыі ў значнай меры абумоўленае паслабленнем ціску з боку цэн на імпарт — НацбанкМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваЗа пяць гадоў колькасць сірот і дзяцей без апекі бацькоў павялічылася на 26,3% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+


