Мінск 19:48

Досвед паўстання Каліноўскага важны, калі Беларусь і Украіна зноў змагаюцца за свабоду ад “рускага свету” — Ціханоўская

Фота з тэлеграм-канала Ціханоўскай

24 студзеня, Позірк. Свабода “не даецца назаўжды”, яе “даводзіцца абараняць зноў і зноў”, заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская па выніках удзелу 24 студзеня ў Варшаве ў цырымоніі ўшанавання памяці ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў.

“Паўстанне Каліноўскага нагадвае, што ў нас ёсць годнасць, ёсць голас і ёсць права жыць вольна, — напісала палітык у сваім тэлеграм-канале. — Мы ўшаноўваем памяць паўстанцаў, бо гэты досвед супраціву і салідарнасці важны для нас і сёння, калі Беларусь і Украіна зноў змагаюцца за свабоду ад “рускага свету”.

У паведамленні адзначана, што прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі і яго літоўскі калега Гітанас Наўседа ў сваіх выступах “падкрэслілі, што барацьба за свабоду і незалежнасць была агульнай справай чатырох народаў — палякаў, літоўцаў, украінцаў і беларусаў”. Кіраўнік польскай дзяржавы “таксама прывітаў прысутных прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл”.

Ад дэмсіл Беларусі на цырымоніі апрача Ціханоўскай прысутнічалі яе намеснік у Аб’яднаным пераходным кабінеце, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан, а таксама ветэран палка імя Кастуся Каліноўскага з пазыўным “Пчала”.

Паводле слоў Наўседы, якія прыводзіць яго прэс-служба, паўстанне 1863–1864 гадоў нагадвае, што “свабода не дадзеная раз і назаўжды”, дзеля яе неабходна працаваць “кожны дзень, кожны тыдзень, кожны месяц, кожны год”.

Палітык канстатаваў, што сёння Расія “зноў адкрыта пагражае ўсяму цывілізаванаму свету, <…> заходняй цывілізацыі і кожнай краіне, якая любіць свабоду і адмаўляецца схіляцца і падпарадкоўвацца”.

“Імкнучыся аднавіць імперыю, Расея ўжо амаль чатыры гады нападае на Украіну, — заявіў ён. — Ва Украіне яна нападае на тое, што цярпець не можа больш за ўсё — на саму ідэю свабоды. Ідэю, што такая дарагая Літве, Польшчы і ўсім дзяржавам, існаванне якіх будуецца на дэмакратычных каштоўнасцях. Сёння мы знаходзімся ў прыцэле агульнага ворага. Нашай смеласцю, стойкасцю і поспехамі мы прадстаўляем пагрозу дыктатару Крамля, які мільёнам паняволеных людзей можа прапанаваць толькі яшчэ больш пакутаў і гора”.

“Мы — годныя нашчадкі Студзеньскіх паўстанцаў — і такімі павінны заставацца. Я не сумняюся, што мы будзем і надалей паспяхова развіваць стратэгічнае партнёрства і нястомна працаваць дзеля свабоды. Зычу, каб Студзеньскае паўстанне, у якім пад адным і тым жа сцягам разам змагаліся літоўцы, палякі, беларусы і ўкраінцы, стала крыніцай натхнення для ўсяго нашага рэгіёна”, — заявіў Наўседа.

У 163-ю гадавіну пачатку Студзеньскага паўстання прэзідэнт Польшчы згадаў пра свабодны беларускі народ

24 студзеня, Позірк. "Мы вельмі шануем нашу свабоду, незалежнасць і суверэнітэт і ніколі іх не аддамо, бо менавіта за гэта таксама гінулі ўдзельнікі Студзеньскага паўстання", — заявіў прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі 24 студзеня ля Варшаўскай цытадэлі на цырымоніі, прысвечанай 163-й …
Падзяліцца: