Мінск 18:22

У 163-ю гадавіну пачатку Студзеньскага паўстання прэзідэнт Польшчы згадаў пра свабодны беларускі народ

Фота: канцылярыя прэзідэнта Польшчы

24 студзеня, Позірк. “Мы вельмі шануем нашу свабоду, незалежнасць і суверэнітэт і ніколі іх не аддамо, бо менавіта за гэта таксама гінулі ўдзельнікі Студзеньскага паўстання”, — заявіў прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі 24 студзеня ля Варшаўскай цытадэлі на цырымоніі, прысвечанай 163-й гадавіне пачатку паўстання 1863–1864 гадоў.

На запрашэнне польскіх уладаў у мерапрыемстве ўзялі ўдзел прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа з жонкай, амбасадар Украіны Васіль Боднар, а таксама прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл — кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Святлана Ціханоўская, яе намеснік у АПК, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан, а таксама ветэран палка імя Кастуся Каліноўскага, што ваюе ва Украіне.

Паводле слоў Наўроцкага, якія прыводзіць яго канцылярыя, Студзеньскае паўстанне было “парывам годнасці і імкнення будаваць незалежнасць”. Паўстанцы, заявіў польскі прэзідэнт, вырашыліся на барацьбу, бо “памяталі, што Рэч Паспалітая была Рэспублікай Абодвух Народаў, а значыць, домам для палякаў, літоўцаў і русінаў, агульным домам; толькі такую ​​ідэю яны ведалі”.

Наўроцкі звярнуў увагу на цяперашнюю геапалітычную сітуацыю, згадаўшы пра Расію, якая падзяляе народы ў рэгіёне.

“Мы стаім перад часам, калі імперыя контратакуе, і гэта ўжо не Аляксандр I, не Аляксандр II, не цар Мікалай і не Іосіф Сталін. Гэта Уладзімір Пуцін, — заявіў ён. — Гэта іншая Расія, але ў сваіх дзеяннях яна ўсё тая ж — забівае людзей ва Украіне, дэстабілізуе сітуацыю ў нашым рэгіёне і дагэтуль не можа ўявіць сабе іншы спосаб вядзення міжнародных стасункаў, акрамя як падзяляць народы і змагацца за тое, каб мы апынуліся пад яе дамінаваннем любым спосабам”.

“Імперыі руйнуюцца, а свабода застаецца і заўсёды пераможа. Няхай дабраславіць Бог свабодную і незалежную Польшчу, хай дабраславіць Бог свабодную Літву, хай дабраславіць Бог свабодную Украіну і свабодны беларускі народ”, — сказаў Наўроцкі.

Падзяліцца: