Бяляцкі: Важна і надалей трымаць фокус на палітзняволеных

13 снежня, Позірк. Лаурэат Нобелеўскай прэміі міру, кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі даведаўся пра сваё вызваленне толькі ўначы перад тым, як яго вывезлі з Беларусі.
“Сёння ў 4 гадзіны ночы мяне разбудзіў дзяжурны па нашым атрадзе, калі я выйшаў, мне сказалі тэрмінова сабраць рэчы. Я ўжо зразумеў, што пайшоў працэс вызвалення”, — паведаміў цяпер ужо былы палітвязень журналістам, якія сустрэлі яго ля амерыканскай амбасады ў літоўскай сталіцы.
“Уначы я быў зусім у іншых умовах, як і ўсе мае колегі, якія зараз вызваленыя, якія дабіраюцца сюды, у Вільню. Вы ведаеце ці, можа быць, чулі, што больш за сто чалавек вызваленыя, цяпер дабіраюцца іншымі шляхамі сюды. Нас праехала праз [пункт пропуску] Каменны Лог невялікая група, але тым не менш гэтае падарожжа было ў мяне з завязанымі вачыма. Я праехаў (сядзеў у Горках у калоніі, гэта Магілёўская вобласць, зусім побач ад расійскай мяжы, 14 кіламетраў) праз усю Беларусь з усходу на захад з завязанымі вачыма”, — сказаў ён.
Паводле яго слоў, разам з ім праз беларуска-літоўскую мяжу праехала “трохі больш за дзесяць чалавек”, з якіх “тры-чатыры асобы з палітычнымі артыкуламі”, а астатнія — грамадзяне іншых дзяржаў, якіх вызвалілі “паводле нейкіх іншых механізмаў”.
“[Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”] Уладзь Лабковіч едзе сюды, [намеснік кіраўніка “Вясны”] Валянцін Стэфановіч яшчэ сядзіць. Яго не вызвалілі. [Каардынатар валанцёрскай службы “Вясны” Марфа Рабкова] яшчэ сядзіць, гэта тое, што я ведаю”, — сказаў Бяляцкі.
На пытанне, ці меў ён выбар, застацца ў Беларусі ці не, былы палітвязень адказаў: “Выбар быў застацца, улічваючы, што ў мяне тэрміну было 10 гадоў, то можна было, так бы мовіць, і застацца. Але ў той сітуацыі вырашыў… Тут як бы выбару вялікага не было — ці заставацца ў турме, ці быць такім чынам вывезеным — з завязанымі вачыма — з Беларусі. <…> Мне раілі прасіць памілавання, я не прасіў”.
Праваабаронца прызнаўся, што раптоўнае вызваленне стала для яго “вялікім эмацыйным ударам”, пакуль ён яшчэ “не можа прыйсці ў сябе”.
“За гэты час я паспеў толькі пагаваріць з маёй жонкаю. Я, вядома, вельмі рады, што я на свабодзе. Я разумею, што для таго каб мы апынуліся на свабодзе, трэба было зрабіць вялікую працу. Мы выйшлі на свабоду, дзякуючы намаганням многіх тысяч людзей, і ў першую чаргу амерыканскіх дыплматаў, амерыканскіх урадоўцаў, якія прыклалі намаганні для того, каб мы выйшлі на свабоду”, — сказаў ён.
Паводле яго слоў, “было прадчуванне” вызвалення: “Пасля таго, як быў вызвалены Сяргей Ціханоўскі — гэта было ў чэрвені, а ў верасні быў вызвалены 51 палітзняволены”.
“Было зразумела, што гэты працэс пайшоў, заставалася толькі чакаць і спадзявацца, што ён не сарвецца. Мы разумеем, што ў любы момант сітуацыя можа змяніцца ў горшы бок. Таму вельмі важна і надалей усім працягваць трымаць свой фокус на тых палітычных зняволеных, якія зараз знаходзяцца ў беларускіх турмах, і дамагацца поўнага вызвалення ўсіх — каб там не засталося ніводнага палітычнага зняволенага”, — заявіў Бяляцкі.
На пытанне, ці лічыць ён правільным зняццё санкцый за вызваленне палітвязняў, праваабаронца адказаў: “Я яшчэ не ведаю ўвогуле ніякіх нюансаў, увогуле не ведаю змест гэтых перамоў, ведаю, што яны былі сёння і ўчора”.
Кажучы пра тое, якія будуць яго першыя дзеянні, Бяляцкі адзначыў, што хацеў бы пабачыць жонку.
Паводле слоў праваабаронцы, са здароўем у яго “больш-менш”. “Зараз трэба будзе прайсці ўсе гэтыя абследаванні, таму што, зразумела, у беларускіх турмах з медыцынай усе вельмі пагана”, — канстатаваў былы палітвязень.
Бяляцкі атрымаў свой беларускі пашпарт толькі ў амерыканскай амбасадзе. Даведкі аб вызваленні ён не мае.
Праваабаронца зычыў беларусам “вытрымкі, аптымізму і актыўнасці, не апускаць рукі ніколі”, а таксама ніколі не здавацца.
Кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі (лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года), яго намеснік і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч былі затрыманыя 14 ліпеня 2021 года. 3 сакавіка 2023 года ў рамках палітычна матываванай справы пра “кантрабанду грошай” і “фінансаванне парушэння грамадскага парадку” яны былі прыгавораныя да 10, 9 і 7 гадоў зняволення адпаведна.
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваДзякуючы затрымцы пахаладання мінулым днём на беларускіх метэастанцыях зафіксаваныя чарговыя рэкорды цяпла (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 11–12 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- ГрамадстваЕС не мае выразнай стратэгіі развіцця стасункаў з Беларуссю — Шрайбман (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка



