Пасля пратэстаў 2020 года рэжым Лукашэнкі забяспечыў падраздзяленне КДБ “Альфа” цяжкім узбраеннем і ўдарнымі БПЛА — BelPol

26 кастрычніка, Позірк. Аб маштабных зменах, якія адбыліся пасля масавых пратэстаў 2020 года ў спецыяльным падраздзяленні Камітэта дзяржбяспекі “Альфа”, паведамляе ў новым расследаванні аб’яднанне BelPol.
Адзначаецца, што падраздзяленне базуецца “на паўночна-ўсходняй ускраіне Мінска ў раёне “Баравая”, комплекс адпаведных будынкаў з’яўляецца “асабліва рэжымным аб’ектам”.
Паводле звестак расследвальнікаў, будаўніцтва базы пачалося ў 2011 годзе, але праз недастатковае фінансаванне да 2015 года быў здадзены ў эксплуатацыю “толькі першы навучальны корпус”, пасля чаго “будоўля фактычна застапарылася”.
Пасля падзей 2020 года “ўсё рэзка і вельмі моцна змянілася”, на праект былі вылучаныя “дзясяткі мільёнаў долараў”, і “цяпер узвядзенне дадзенага спецаб’екта амаль завершана”, гаворыцца ў расследаванні.
Паведамляецца, што на тэрыторыі базы размешчана “больш за 40 розных будынкаў і збудаванняў”. “Галоўным будынкам” названы вучэбна-трэніровачны корпус.
Гэты аб’ект складаецца з трох паверхаў, яго знешнія памеры — 91 на 68 метраў, сцвярджае BelPol са спасылкай на публікуемыя чарцяжы і дакументы. Сярод іншага ў будынку размешчаныя службовыя кабінеты, спартыўныя залы, віп-зона з саунай на шэсць чалавек, більярдам, двума купелямі, душам Шарко. Кабінеты начальніка “Альфы” і двух яго намеснікаў, паводле матэрыялаў расследавання, абсталяваныя пакоямі адпачынку са спальнымі месцамі.
Таксама ў гэтым корпусе знаходзяцца актавая зала на 268 чалавек, канферэнц-зала на 55 чалавек, музей, “аздоблены дубовай дошкай з фотаздымкамі так званых чэкістаў”.
Пры гэтым, як заяўляецца, база абсталяваная сродкамі радыёэлектроннай барацьбы з беспілотнікамі.
У цэлым, адзначае BelPol, аб’ект уяўляе сабой “добра абсталяваны аўтаномны ваенны гарадок, разлічаны на кругласутачнае знаходжанне асабістага складу”.
Нагадваючы пра ўдзел “Альфы” ў падаўленні паслявыбарчых пратэстаў у 2020 годзе, расследвальнікі падкрэсліваюць: гэтае фарміраванне з’яўляецца “карным падраздзяленнем для гарантавання бяспекі дыктатара і яго клана”.
Таксама ў расследаванні звяртаецца ўвага на сучаснае тэхнічнае забеспячэнне і ўзбраенне “Альфы”. Імпульсам да перааснашчэння паслужылі зноў жа падзеі 2020-га, адзначаюць аўтары.
У прыватнасці, у спецпадраздзяленні праведзена абнаўленне бронетэхнікі: замест “лічаных адзінак” БТР-80 часоў СССР у распараджэнне байцоў КДБ паступілі “найноўшыя расійскія бронетранспарцёры БТР-82А і баявыя машыны пяхоты БМП-2”. Удакладняецца, што гэтыя машыны абсталяваныя баявымі модулямі, якія ўключаюць буйнакаліберныя кулямёты і 30-міліметровыя аўтаматычныя гарматы.
Звяртаецца ўвага на закупку для “Альфы” 13 аўтамабіляў “схаванага браніравання” на агульную суму каля 7 млн долараў.
Гаворка пра 11 браніраваных пазадарожніках Toyota Land Cruiser 300 “самага высокага шостага класа абароны”, вырабленых у ААЭ (кошт кожнага каля 500 тысяч долараў), і двух мікрааўтобусах Mersedes c “шыкоўным інтэр’ерам”. Мікрааўтобусы, як адзначаюцца, прызначаныя для перавозкі “вышэйшага кіраўніцтва КДБ і іх гасцей”, іх кошт — 710 і 750 тыс. долараў.
Паказваючы дакументацыю, якая адносіцца да ўзбраення, BelPol падкрэслівае арыентацыю спецпадраздзялення на працу з беспілотнікамі — у тым ліку ўдарнымі.
З расследавання вынікае, што ўсяго за апошнія гады на БПЛА для “Альфы” былі выдаткаваныя каля 1 млн долараў. Частка дронаў набыта за мяжой — у Расіі, на Кіпры. Акрамя гэтага, беспілотнікі паступаюць ад беларускіх вытворцаў.
У выніку цяпер, як заяўляюць у BelPol, “Альфа” праводзіць “пастаяннае назапашванне” гэтай “прылады забойства”.
Асаблівы акцэнт у расследаванні зроблены на боепрыпасах, якія баявыя дроны здольныя пераносіць і скідаць. Яны, паводле звестак аўтараў, выпускаюцца Цэнтрам утылізацыі авіяцыйных сродкаў паражэння, размешчаным у Гарадоцкім раёне (Віцебская вобласць) на тэрыторыі вайсковай часці 94017.
Прыводзяцца лічбы: усяго ў гэтага цэнтра КДБ замовіў тысячу боепрыпасаў (вагой 0,5, 1 і 2 кг) на суму, эквівалентную 393 тыс. долараў.
На момант стварэння ў 1990 годзе ў атрад “Альфа” ўваходзіла 45 байцоў. Паводле звестак BelPol, цяпер іх колькасць вырасла да 220 чалавек, а з улікам дапаможных падраздзяленняў — да 270. “Каля паловы асабовага складу складаюць байцы-штурмавікі. Ёсць снайперы, выбухатэхнікі, медыкі і аператары БПЛА, вышыннікі, сувязісты, інструктары баявой падрыхтоўкі, перагаворшчыкі з тэрарыстамі, кінолагі, вадзіцелі і інш”, — паведамляюць аўтары.
“Група “Альфа” КДБ з вузкапрофільнага спеспадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам пераўтвораная ў паўнавартасную вайсковую частку, здольную весці агульнавайсковы бой. І зыходзячы з ведамаснай прыналежнасці, ваяваць “Альфа” КДБ рыхтуецца не з замежнымі агрэсарамі, а з беларускім народам. Ваяваць з дапамогай бронетэхнікі, ударных беспілотнікаў і іншага цяжкага ўзбраення. Бо рэжым лічыць тэрарыстамі ўсіх, хто не згодны з беззаконнем, што робіцца ў Беларусі”, — заяўляе BelPol.
У расследаванні таксама нагадваецца, што менавіта байцы “Альфы” забілі ў 2021 годзе 31-гадовага ІТ-спецыяліста Андрэя Зельцэра пры штурме яго кватэры на вуліцы Якубоўскага ў Мінску з мэтай “адпрацоўкі адрасоў, у якіх маглі знаходзіцца асобы, датычныя да тэрарыстычнай дзейнасці”. У перастрэлцы тады загінуў аднагодак Зельцэра, афіцэр падраздзялення Дзмітрый Федасюк.
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаБеларусь паднялася на трэцяе месца па росце цэн з пачатку 2025 года на тэрыторыі былога СССР (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка



