Хто піша: Аляксандр Клюеў, былы студэнт БДУІР па спецыяльнасці «Штучны інтэлект», зараз вывучае беларускую філалогію ў познаньскім універсітэце ім. Адама Міцкевіча. Палітуцякач і актывіст студэнцкіх рухаў.
Галоўная мэта гульні — ваша смерць
Раней на dev.by быў тэкст, як я пачынаў перакладаць ПЗ на беларускую мову і пра тое, як я збіраю ІТ-тэрміналогію ў адным месцы. У першым артыкуле згадваў, што пачаў перакладаць даволі славуты survival-horror Project Zomboid, за якім сачу яшчэ з падлеткавых часоў.
Гэта хардкорная ізаметрычная гульня на выжыванне ва ўмовах зомбі-апакаліпсісу ў зоне адчужэння на ўсходзе штата Кентукі. Як гаворыцца ў самой гульні, галоўная яе мэта — ваша смерць. Тут няма магчымасці захоўвацца і загружацца пасля кожнай вашай памылкі, вы будзеце праходзіць праз голад, боль, страх і беспаваротную смерць.
Вялікім адкрыццём для мяне стала тое, што пераклад гульні робіць супольнасць і ў мяне ёсць магчымасць дадаць беларускую мову!
Я адразу стварыў абвестку на форуме, апісаў там прынцыпы перакладу і стварыў форк праекта. Прайшло паўтара года і перакладзена 35% гульні. І гэта, я вам скажу, адносна нядрэнны рэзультат для праекта такіх маштабаў на аднаго валанцёра.
Да некаторых словаў цяжка знайсці адпаведнікі
Я раблю пераклад усяго інтэрфейсу гульні. Дыялогаў, апісанняў — усяго, што мае тэкставую форму і да чаго далі доступ распрацоўшчыкі. З аўтарскімі правамі праблемаў няма, бо я займаюся open source перакладамі.
Перакладаю праз VSCode (OSS), тэшчу на Steam версіі гульні. Выкарыстоўваю ўвесь магчымы арсенал перакладчыка: слоўнікі, корпусы, гласарыі, падглядваю ў іншыя моўныя версіі перакладу.
Для складаных тэрмінаў праводжу дадатковы рэсёрч, каб абраць адпаведнікі. Доўга біўся са словамі смор (smore), сіняжабравы сонечнік (sunfish/panfish), крапі (crappie). Яны хадавыя ў ЗША, але экзатычныя для беларускага кантэксту.
Бываюць праблемы з перакладам колераў, залежыць ад кантэксту. Таму ў Project Zomboid слова cyan перакладаецца і як зялёна-блакітны, і як блакітны. Змагаўся з дзеясловам hotwire і такім жа назоўнікам. У выніку маем розныя варыяцыі на тры словы: завесці кароткім замыканнем, завесці без ключа, запусціць кароткім замыканнем.
Усе валанцёры сутыкаюцца з фінансавымі праблемамі, а потым выгараюць
Мы сутыкаемся з тыповымі праблемамі валанцёрскіх перакладаў: іх проста пачаць, але вельмі нялёгка давесці да канца. Згадаем той жа праект Ubuntu, яго пераклад на беларускую ўжо некалькі разоў спрабавалі перазапусціць валанцёрскімі пачаткамі — не працуе. Трэба больш прафесійны падыход.
На фоне затрымак стыпендыі EU4B я вырашыў паспрабаваць запусціць краўдфандынг і ўрэшце сканцэнтравацца на завяршэнні гэтага праекту на 100%. Мой збор накіраваны выключна на пакрыццё маіх базавых патрэбаў: заплаціць за кватэру ды хлебу купіць. Працы па праекце вельмі шмат, але калі не спатрэбіцца анідзе больш зарабляць грошы, то за месяц можна дабіць. Абяцаю трымаць ахвяраваўшых у курсе, на якім этапе знаходзіцца праект.
Ужо за 3 дні я сабраў 200 еўра. Цікава, што гэта некалькі адносна буйных данатаў ад 10 да 80 еўра. Прытым я запосціў інфармацыю толькі ў сяброўскіх чаціках ды сваім твітары.
Праца ў ІТ, уцёкі з Беларусі і валанцёрства
Валанцёрскімі перакладамі займаюся дзесьці з 2018-га года. Яшчэ раней у мяне сфармавалася любоў да геймдэву, праграмавання, палітыкі, мовазнаўства, стварэння праектаў.
Я вучыўся 3 гады ў БДУІР на штучным інтэлекце. Мой апошні 4-ы курс прыпаў на 2020-ы год. У мяне быў вобшук як у аднаго з арганізатараў стачкама БДУІР.
Потым я звольніўся, бо мне казалі, каб я адкінуў свае «правілы АУЕ»: здаў усіх сваіх паплечнікаў, прыкінуўся тупой авечкай і ўвогуле прыходзіў на офіс (тады была аддаленая праца), каб галава на месца ўстала.
Пасля гэтага я цалкам пераключыўся на актывізм. Як з’ехаў, пачаў вельмі аскетычна жыць і нідзе не працую стала. Валанцёрства ў сеткавых праектах для мяне — псіхатэрапія.
Я планую і далей займацца перакладамі ды развіццём беларускай Вікіпедыі. Шмат думак у мяне звязаны з перспектывамі інтэграцыі LLM (вялікія моўныя мадэлі) у нашу працу. Было б файна сабраць на каленцы нейкі бюджэтны сервер з патрэбнымі характарыстыкамі і спрабаваць навучаць свае мадэлі пад канкрэтныя прыкладныя задачы.
Чым больш будзе паспяховых праектаў, тым больш беларускую мову будуць заўважаць буйныя кампаніі, будуць наймаць нашых перакладчыкаў, дадаваць беларускую ў свае прадукты, будуць паўставаць новыя ініцыятывы.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.
Што яшчэ пачытаць пра беларускамоўныя ініцыятывы ў камьюніці:
- Беларусы стварылі бот, які дапаможа лепей вывучыць геаграфію радзімы;
- Make Palessie sexy again. Беларуская айцішніца распавядае пра гаворку і звычаі сваёй роднай вёскі;
- «Фонды адмовілі нам 22 разы». Як запусціць беларускамоўны праект пра навіны гік-культур і не з’ехаць з глузду.
dev.by, як і іншым сумленным медыям, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе за межамі краіны, а нашы рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай.
Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, меркаваннямі, досведам, часам і ўвагай. А 230 чытачоў падтрымліваюць нас данатамі.
У 2023 годзе мы хочам сабраць 1000 чытачоў-падпісантаў.
Дапамагчы нам можна праз Patreon.
з Беларусі — праз Donorbox.
І шчэ крыптой, тут гаманцы.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.
Переводить тяжело, я делал перевод редактора Geany на белорусский. Получилось так себе, но сам потом пользовался. Для какой-то очередной версии даже нанимал переводчика на upwork, но потом забросил так как стал больше использовать vscode
Дзякуй, што распавялі. Цікава. Я таксама падумваю паперакладаць шэраг артыкулаў з ад польскай IT-супольнасьці. Часам трапляюць вельмі талковыя матэрыялы, лагічна і даступна пададзеныя. Але не ўпэўненая, што атрымаецца на ўзроўні, бо не адмысловец у перакладах.