Тэндэнцыі 2024. Айцішнікі ўжо амаль не бягуць, расіяне наймаюць усіх

У ІТ-сектары звальняюць менш, а наймаюць прыкладна як у 2023. 

Пакуль частка буйных беларускіх кампаній наймае кропкава ці не наймае наогул, расійскія бізнэсы выгружаюць вакансіі сотнямі.

109 каментарыяў
Змест

Наймаюць, як у 2023

За студзень–люты ІТ-кампаніі ў Беларусі ўзялі на працу, паводле нашых ацэнак, каля 1500 новых спецыялістаў. Прыкладна як і ў 2023.

Летась кампаніі наймалі ў сярэднім каля 700-800+ спецыялістаў (у сектары «інфармацыя і сувязь»). Сёлета пакуль захоўваюцца тыя ж тэмпы.

Белстат ад 2023 года закрыў інфармацыю па працаўладкаванні і звальненнях менавіта ў ІТ — яны даступныя ў цэлым па сектары «інфармацыя і сувязь».

Мы робім прыкладныя разлікі працаўладкавання і скарачэнняў супрацоўнікаў у ІТ-кампаніях зыходзячы з агульных даных па ІКТ.

Беларускія кампаніі пакуль «адмарожваюцца» (але не ўсе)

У асобных буйных кампаніях з беларускімі каранямі найманне фактычна замарожанае (EPAM, Exadel).

Некаторыя кампаніі скарацілі найманне да мінімуму і працягваюць наймаць кропкава. Напрыклад, на сайце iTechArt зніклі ўсе адкрытыя вакансіі для Беларусі, адную вакансію (для Senior SEO Specialist) за апошні месяц кампанія размясціла на rabota.by. у пераліку вакансій на сайце Coherent Solutions (iSsoft) толькі адная тычыцца працы ў Беларусі. 

На сітуацыю з найманнем у кампаніях напрамую ўплывае партфель праектаў, у тым ліку новых. Але многія заходнія заказчыкі па-ранейшаму блакуюць опцыю працы з беларускай лакацыяй. Некаторыя замежныя заказчыкі сыходзяць з краіны.  

«Кліент аднаго з нашых праектаў сыходзіць з краіны. На праекце працавала больш за 50 супрацоўнікаў. Каманду аб сыходзе папярэдзілі загадзя і сумленна сказалі, што новы праект усім знайсці не змогуць, — расказаў пра сітуацыю з праектамі пры канцы мінулага года адзін з супрацоўнікаў ISsoft. 

У некаторых выпадках топ-менеджмент асобных кампаній аддае новыя праекты камандам за мяжой, каб узмацніць новыя офісы.

«Кіраўніцтва ўсімі сіламі спрабавала дапамагаць польскаму офісу, у прыватнасці, заводзіла туды праекты, на якія лагічней было б прадаць каманды з Беларусі. Менеджары беларускага офіса былі вельмі незадаволеныя такой сітуацыяй», — падзяліўся ўнутранай кухняй у iTechArt адзін з супрацоўнікаў. 

Між тым далёка не ўсе вядомыя і буйныя кампаніі з беларускімі каранямі цяпер пасіўныя на рынку вакансій. Некаторыя спрабуюць канкураваць за кадры з расійцамі. 

Напрыклад, Andersen размясціла за апошні месяц больш як 50 вакансій (амаль палова — для ахвотных прайсці стажыроўку). Больш за 60 прапаноў працы (уключаючы стажыроўку) з’явілася за сакавік–красавік ад кампаніі Innowise.  

Расійцы бурна хайраць

Пакуль частка кампаній з беларускімі каранямі паставіла найманне на паўзу, расійскія кампаніі актыўней пашыраюцца ў Беларусі. Кожны тыдзень з’яўляюцца новыя прапановы працы ад кампаній, якія з’явіліся ў Беларусі за апошнія 2-3 гады. 

Напрыклад, мінскі офіс распрацоўкі Tinkoff толькі за апошні месяц размясціў на rabota.by каля 50 вакансій (амаль палова з іх — за апошні тыдзень) для распрацоўшчыкаў, інжынераў, аналітыкаў з вопытам працы ад 1-3 да 3-6 гадоў у залежнасці ад пазіцыі. 

Заробак, як заяўляюць у кампаніі, прывязаны да курсу долара, працаваць можна ў офісе ў Мінску і Берасці альбо аддалена з любога горада. 

За 2 гады мінскі офіс распрацоўкі Tinkoff вырас да 400+ чалавек. Пры канцы мінулага года кампанія заявіла пра далейшае пашырэнне і адкрыла офіс у Берасці. Для працы ў новым офісе пакуль адкрыта 6 вакансій. 

Больш за 70 вакансій у сакавіку–красавіку размясціла Aston. Што праўда, частка вакансій — для стажораў, без вопыту альбо з вопытам ад 1 да 3 гадоў.

У некаторых вакансіях для вопытных спецыялістаў на поўную стаўку нават пазначаная зарплата. Напрыклад, System Analyst кампанія гатовая плаціць амаль 4 тысячы долараў брута. 

Працягвае актыўна хайрыць Lesta Games. За апошні месяц з’явілася каля 30 прапаноў працы. Кампанія шукае распрацоўшчыкаў, мастакоў, інжынераў. 

Летась першы цэнтр распрацоўкі за мяжой (у Мінску) адкрыў расійскі распрацоўшчык «жалеза» Yadro. У лютым гэтага года кампанія стала рэзідэнтам ПВТ. За сакавік–красавік кампанія размясціла 16 вакансій. 

Пакуль у агульны трэнд не ўпісваецца яшчэ адзін вядомы пачатковец — VK. Расійскі холдынг адкрыў прадстаўніцтва ў Беларусі пры канцы мінулага года. Кампанія планавала размясціць у новым офісе 50 распрацоўшчыкаў і прыкладна столькі ж наняць да ліпеня 2024. Пакуль за апошні тыдзень кампанія адкрыла толькі адну вакансію, за апошні месяц — дзве. 

У 2024 звальняюць менш

Паводле звестак Белстата і нашых ацэнак, за студзень–люты ў ІТ-сектары было звольнена каля 1600 супрацоўнікаў. У паўтара разу менш, чым у гэты ж перыяд 2023. 

Верагодна, ад снежня мінулага года ў ІТ-сектары звальняюць менш за 1000 чалавек штомесяц. У 2024 гэта ўжо стала тэндэнцыяй. 

Магчыма, невялікі ўсплёск у статыстыцы звальненняў адбудзецца вясной — пасля закрыцця офісаў вядомых мабільных распрацоўшчыкаў Playtika і Apalon

Айцішнікі перастаюць «выцякаць» за мяжу?

За першыя два месяцы з ІТ «выпалі» больш за 100 чалавек. Гэта мінімальны адток за ўвесь крызісны перыяд.

Усяго ад пачатку другой хвалі рэлакацыі (ад лютага 2022 года) ІТ-сектар страціў толькі паводле афіцыйных звестак (і нашых разлікаў) каля 23,6 тысячы чалавек. Рэальныя страты галіны могуць быць значна вышэйшымі.

Варта памятаць, што не ўсе айцішнікі, якія трапілі ў статыстыку адтоку кадраў, страчаныя для ІТ і/або Беларусі: хтосьці мог перайсці на ППД, хтосьці змяніць сферу дзейнасці.

CTO і архітэктар, які не можа з’ехаць, паўгода шукае працу. Ён «занадта кваліфікаваны»
Па тэме
CTO і архітэктар, які не можа з’ехаць, паўгода шукае працу. Ён «занадта кваліфікаваны»
Як выжывае ІТ-бізнэс у Беларусі? Пагутарылі з топ-менеджментам
Па тэме
Як выжывае ІТ-бізнэс у Беларусі? Пагутарылі з топ-менеджментам
Упершыню менш за 100 тысяч. Вось колькі чалавек працавала ў ІТ у 2023
Па тэме
Упершыню менш за 100 тысяч. Вось колькі чалавек працавала ў ІТ у 2023
Распрацоўшчыка Apalon разам з актывамі Mosaic Group прадалі за $160 млн
Па тэме
Распрацоўшчыка Apalon разам з актывамі Mosaic Group прадалі за $160 млн
EPAM у Беларусі «адкінула» на 10 гадоў таму. Што з камандамі ў розных краінах
Па тэме
EPAM у Беларусі «адкінула» на 10 гадоў таму. Што з камандамі ў розных краінах
Гигант телемедицины тоже сокращает. Минский офис перевезли в Варшаву в 2023
По теме
Гигант телемедицины тоже сокращает. Минский офис перевезли в Варшаву в 2023
«Собес — не инквизиция». Тимлиды рассказали, как провести успешное собеседование
По теме
«Собес — не инквизиция». Тимлиды рассказали, как провести успешное собеседование

Читать на dev.by