Мінск 20:28

У Міністэрстве аховы здароўя абмеркавалі перспектывы развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Паўночнай Карэі ў медыцыне

Ілюстрацыя: Рэспубліканскі клінічны медцэнтр

20 кастрычніка, Позірк. Перспектывы развіцця беларуска-карэйскага супрацоўніцтва ў галіне медыцыны і фармацэўтыкі, а таксама пытанні медыцынскай адукацыі дзвюх краін абмеркаваў у Міністэрстве аховы здароўя 19 кастрычніка кіраўнік ведамства Аляксандр Хаджаеў з амбасадарам Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі (КНДР) Чы Ген Су.

Прэс-служба ведамства заявіла аб “канструктыўным дыялогу”, у якім таксама ўзялі ўдзел прадстаўнікі холдынгу “Белфармпрам”.

Амбасадар КНДР, як паведамляецца, асобна адзначыў высокую якасць беларускай фармацэўтычнай галіны і выказаў зацікаўленасць ва ўмацаванні партнёрскіх сувязяў.

Міністэрства аховы здароўя выказала ўпэўненасць, што “адкрыты дыялог стане трывалай асновай для далейшага развіцця двухбаковага супрацоўніцтва”.

25-26 сакавіка адбыўся візіт Аляксандра Лукашэнкі ў КНДР. Па выніках перамоваў з кіраўніком Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам быў падпісаны дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж дзвюма краінамі.

У красавіку міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў прыняў копіі даверчых грамат амбасадара КНДР у Беларусі Чы Ген Су (да 2020 года амбасадары краіны акрэдытоўваліся ў Мінску па сумяшчальніцтве з Масквы).

Рыжанкоў, які сёлета ў жніўні правёў у КНДР адпачынак, заявіў па яго выніках, што краіны ў бліжэйшы час падпішуць пагадненне аб бязвізавых паездках грамадзян.

Як паведамляў “Позірк“, беларуская амбасада ў КНДР адкрылася на два з паловай месяцы пазней за запланаваны тэрмін.

КНДР — закрытая дзяржава з дыктатарскім рэжымам, у дачыненні да якой дзейнічаюць санкцыі Савета Бяспекі ААН, звязаныя з развіццём ядзернай праграмы. З моманту стварэння ў 1948 годзе вярхоўная ўлада перадавалася ў спадчыну пасля смерці кіраўнікоў — ад Кім Ір Сена Кім Чэн Іру, а затым Кім Чэн Ыну.

Як і Мінск, Пхеньян падтрымлівае Маскву ў вайне супраць Украіны. КНДР адпраўляла на дапамогу РФ свае войскі.

Падзяліцца: